Фестиваль «Солнечный круг» собрал друзей в Докшицком районе (+фото)

Здымак 2

Здымак 2

У дванаццаты раз у раёне адбыўся фестываль творчых людзей з абмежаванымі магчымасцямі “Сонечны круг”. 

Распачаўся ён з адкрыцця выставы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Творчасць без межаў”, якая размясцілася ў выставачнай зале раённага Цэнтра дзяцей і моладзі. На яе адкрыцці намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч пажадала таленавітым аўтарам далейшага развіцця сваіх здольнасцей, падзякавала педагогам, якія працуюць з самадзейнымі творцамі. З цёплымі словамі прывітання да ўдзельнікаў фестывалю звярнулася начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Алена Тулоўская і пажадала, каб у кожнага з прысутных заўсёды была мара, якая абавязкова дапаможа зрабіць немагчымае магчымым.

Маляванне і канструяванне, цестапластыка і шыццё, вышыванне і ніткаграфія – немагчыма пералічыць усе мастацкія тэхнікі, у якіх былі выкананы работы, прадстаўленыя на выставе. Самадзейныя майстры кожны год авалодва­юць новымі відамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Напрыклад, сёлета наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН прадставілі на выставе калектыўную работу “Лебядзіная вер­насць” у тэхніцы кінусайга (пэчварк без іголкі). Усіх зацікавіла калекцыя насякомых, якую прадставілі Шылковы.

Фестываль меў працяг на наступны дзень. Ён пачаўся з гульнявой праграмы (здымак 1), удзельнікі якой напрыканцы атрымалі ласункі і падарункі з паветраных шарыкаў ад аэрадызайнера з Крулеўшчыны Сняжаны Касарыга.

У час канцэртнай праграмы сваімі мастацкімі здольнасцямі з задавальненнем дзяліліся шматлікія вакалісты і чытальнікі, танцоры і акцёры. Вядома, што першым на сцэну выходзіць заўсёды не проста, але юная спявачка Таццяна Дзіульская з Параф’янаўскай СШ пад бурныя апладысменты гледачоў справілася з гэтым на выдатна. Таксама вакальнае майстэрства дэманстравалі на свяце Дар’я Падляшчук, Лізавета Патэйчук, Марыя і Вольга Шылковы, Аляксандр Якубоўскі, Святлана Пятроўская. Пранікнёна чыталі вершы Ала Каросцік, Васіль Бацэка, Алег Гамеза, Кірыл Пахомчык, Марыя Каляга, Арцём Мікалаеў, Арцём Жабкін, Мікіта Маліноўскі, Таццяна Шаўкера.

Здымак 1

Здымак 1

Смех і авацыі не змаўкалі падчас выступлення драматычных калектываў. Даспадобы гледачам прыйшліся невялічкія інтэрмедыі ў выкананні Кірыла Пахомчыка і Мікіты Маліноўскага, а таксама Марыі Ярмаковіч і Таццяны Дзіульскай. Наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН весела і жартоўна інсцэніравалі казку “Добрае сэрца”. Як заўсёды, сваім сцэнічным майстэрствам уразілі юныя акцёры Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрната, якія паказалі “Рэпку” на новы лад (здымак 2), а пасля яшчэ і з запалам выканалі танец з лыжкамі.

Нязменныя ўдзельнікі фестывалю: танцавальны калектыў “Каблучок” Глыбоцкага псіханеўралгічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў выступіў з прыгожым танцам “Чырвоныя макі”, а наведвальніца аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Глыбоцкага ТЦСАН Юлія Кузьміч танцавала пад усходні матыў.

Час ад часу эмоцыі гледачоў падагравала заваднымі гульнямі дзяўчынка-Весялінка. Таксама ў канцэртнай праграме ўдзельнічалі артысты аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН і раённага Цэнтра дзяцей і моладзі.

Усе ўдзельнікі фестывалю “Сонечны круг” узнагароджаны Дыпломамі і падарункамі, за якія арганізатары свята ўдзячны спонсарам.

Тэкст і фота
Яўгеніі ГІЧАНСКАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *