Председатель Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь, депутат по Докшицкому избирательному округу № 22 Владимир Андрейченко провел в Докшицах личный прием граждан

IMG_3637На мінулым тыдні Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат па Докшыцкай выбарчай акрузе № 22 правёў у Докшыцах асабісты прыём грамадзян. З пытаннямі да яго звярнуліся жыхары нашага раёна.

Сем жыхароў вёскі Дамашкавічы Бягомльскага сельсавета наракалі на тое, што не маюць магчымасці прыватызаваць жыллё, якое знаходзіцца ў ведамстве санаторыя “Лясное”. Уладзімір Паўлавіч нагадаў, што гэта службовае сацыяльнае жыллё, а таму прыватызацыі не належыць. У той жа час ён падкрэсліў, што выхад з дадзенай сітуацыі павінен быць знойдзены ў адпаведнасці з заканадаўчай базай з улікам інтарэсаў двух бакоў. Пытанне ўезду на тэрыторыю санаторыя для жыхароў вёскі і іх сваякоў строга па пропусках, па просьбе дэпутата, у бліжэйшы час павінна быць урэгулявана.
Настаўнік Бярэзінскай СШ Антон Гірко звярнуўся да дэпутата з просьбай на заканадаўчым узроўні вырашыць пытанне па зборы ягад і грыбоў на тэрыторыі Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Вёска Беразіно, у якой пражывае Антон Іванавіч, знаходзіцца ў нейкіх ста метрах ад лесу, і жыхарам гэтага населенага пункта, у адрозненне ад тых, якія размешчаны на тэрыторыі запаведніка, забаронена збіраць тут дары прыроды. Расшырыць межы запаведнай зоны мясцовая ўлада не мае магчымасці, таму што палажэнні аб кожным запаведніку зацверджаны на вышэйшым узроўні. Аднак жа, як заўважыў Уладзімір Паўлавіч, запаведнік знаходзіцца на тэрыторыі раёна, і яго кіраўніцтва павінна прыслухоўвацца да раённай улады, праяўляць паблажку ў адносінах да жыхароў навакольных вёсак.
Жыхарка аграгарадка Сітцы прыйшла з пытаннем прыватызацыі кватэры. Патрэбныя для гэтага дакументы яна сабрала яшчэ ў 1995 годзе. Аднак па расцэнках 90-х гадоў сёння прыватызаваць жыллё немагчыма. Ацэнку памяшкання трэба праводзіць па сённяшніх цэнах.
Яшчэ адзін зварот тычыўся газіфікацыі санаторыя “Лясное”, а таксама аграгарадка Замасточча, вёсак Вуглы, Атруб, Лусцічы, Дамашкавічы. Як сказаў Уладзімір Паўлавіч, для гэтага спатрэбяцца немалыя сродкі. Каб іх атрымаць, дадзенае пытанне будзе ўключана ў праграму ўмацавання аграрнай эканомікі і развіцця вёскі.

ХХХ

Пасля заканчэння прыёму грамадзян У.П. Андрэйчанка даў інтэрв’ю журналістам. Адказваючы на іх пытанні карэспандэнтаў, ён падкрэсліў, што ў час правядзення прыёмаў грамадзян чыноўнікі павінны арыентавацца не толькі на вострыя сацыяльныя праблемы, але і на другарадныя пытанні, быць бліжэй да насельніцтва. Сёння людзей хвалююць у асноўным пытанні газіфікацыі, прыватызацыі жылля, пытанні землекарыстання. І вырашаць праблемы грамадзян трэба без валакіты і бюракратызму. Да гэтага абавязвае чыноўнікаў новая рэдакцыя Дырэктывы № 2 аб мерах па дэбюракратызацыі дзяржапарату.
Гаворачы аб павышэнні эфектыўнасці работы са зваротамі грамадзян, Уладзімір Андрэйчанка падкрэсліў, што тут важная роля належыць эканамічнаму складніку. “Каб вырашаць пытанні газіфікацыі, якія часта гучаць ад грамадзян, патрэбны адпаведныя фінансавыя сродкі, павінна працаваць эканоміка. Менавіта на гэта ў першую чаргу трэба звяртаць увагу і мясцовым органам улады, і самім людзям добрасумленна адносіцца да сваёй працы”, – канстатаваў спікер, падкрэсліўшы, што напаўняльнасць бюджэту, а значыць рашэнне многіх праблем насельніцтва, залежыць ад кожнага з нас.
Уладзімір Паўлавіч таксама паведаміў журналістам пра адкрыццё гэтымі днямі сесіі, праінфармаваў, што на разгляд дэпутатаў, у цэнтры ўвагі якіх будуць знаходзіцца пытанні эканамічнага развіцця краіны, вынесена 70 законапраектаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *