Тамаре Шнипко из Докшицкого района вручена очередная награда

dsc_ 020Ад рэдакцыі: Наш пазаштатны аўтар з Новай Вёскі Жанна Каржэвіч-Бельская працуе ў Сітцаўскім аддзяленні кругласутачнага знаходжання для старых і інвалідаў. Выконваючы працоўныя абавязкі, ёй часта даводзіцца чуць аповеды пра не самыя простыя людскія лёсы. Адзін з іх лёг у аснову гэтага артыкула.

У тых, хто жыве ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання для старых і інвалідаў у Сітцах адзін дыягназ – старасць. Розныя лёсы, розныя характары. На тварах – адбіткі цяжкага жыцця. Але ўсё ж многія з іх не здаюцца. Нягледзячы на свой 80-90-гадовы ўзрост, цікавяцца падзеямі сучаснасці. Калі прыбіраеш іх пакойчыкі, чуеш многа цікавага. У апошні час самая галоўная тэма іх гутарак – вайна ў суседняй Украіне (дарэчы, дачка адной з бабуль там пражывае).

І вось так, зусім нядаўна, выконваючы свае працоўныя абавязкі, прыслухалася да іх больш уважліва. Бабулі спачувалі жыхарам суседняй краіны, вялі ўспаміны пра сваё нялёгкае жыццё, згадвалі пра тое, які жах ім прыйшлося перажыць у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Пра гады ваеннага ліхалецця ўспаміналі Гелена Шылько з Парэчча, сёстры Браніслава і Яніна Капыш з Грынеўшчыны. Цяжка было тагачасным падлеткам. Прыходзілася працаваць на рамонце чыгункі, цягаць пясок, капаць акопы. Было голадна, холадна і страшна… “За двух забітых коней застрэлілі восем жыхароў з Парэчча – за восем конскіх ног”, – расказвала бабка Гелена. Хавалася ад немцаў, каб не трапіць у палон у Германію.
І раптам адна з бабуль, Тамара Шныпко, якая жыве ў нас нядаўна, сказала: “А я была ў германскім палоне”. Я ўмяшалася ў размову і папрасіла Тамару Пахомаўну, ураджэнку вёскі Вешкі Бярозкаўскага сельсавета расказаць, што яна памятае пра тую вайну.

– У сям’і было сямёра дзяцей. Старэйшыя браты пайшлі на фронт. А я і малодшыя сёстры жылі з бацькамі. Тата быў партызанскім сувязным у другім атрадзе, камандзіра не памятаю. Памятаю, што ў нашай хаце быў штаб, і з Масквы прыязджаў Ціткоў. Мы таксама дапамагалі партызанам. Хадзілі ў Вілейку лічыць немцаў. Аднойчы немцы запрыкмецелі нас, перавярнулі кошык з ягадамі, а там была запіска для сувязнога. Праўда, яна размокла і немцы нічога не змаглі разабраць. Напужалася я крэпка, думала застрэляць мяне і сябровак, але яны нас адпусцілі. Вёску Грабяні замініравалі партызаны, немцы выстраілі нас у радок і загадалі ісці. Дзядзька Паўла, здаецца, па прозвішчы Насеннік, падарваўся. Нагу адарвала роўна калена, крыві было многа.

Хадзілі немцы па хатах і загадвалі: “Матка, яйка, шпэк”. Бабулі давалі, бо баяліся. Прасілі: “Не страляйце нас”.

– Бабка Тамара, раскажы, як трапіла ў Германію.

– Тата пабудаваў у лесе зямлянку. Мы там хаваліся, калі былі аблавы. Аднойчы немцы знайшлі зямлянку і пагналі нас у Вілейку. Загналі ў пуню, каб спаліць. Партызаны нас адбілі. Хто старэйшы, здолеў уцячы. А мы, малыя, са страху забіліся ў куток і сядзелі. Потым нас знайшлі нямецкія салдаты, пагрузілі ў машыну і павезлі ў Даўгінава на станцыю, а адтуль цераз Польшчу ў Германію. Адразу прывязлі на фабрыку. Мы там не змаглі працаваць. Сагналі ў нейкі лагер, мылі, прудзілі, бралі кроў для нямецкіх салдат. Пасля прыехаў “баўэр” (гаспадар – аўт.) і забраў мяне з сёстрамі працаваць да сябе. Вельмі хацелася есці.

Я пачула, як закудахтала курыца, падышла да яе і ўзяла яйка. Гаспадар убачыў і вельмі моцна пабіў мяне. Я ляжала на зямлі з крывёю на твары, а малодшыя сёстры галасілі па мне, як па нябожчыку. Думалі, не выжывем, але Гасподзь дапамог, засталіся ў жывых і дачакаліся перамогі.

– А што было потым?

– Вызвалялі нас амерыканцы, прывезлі ў горад Дрэздэн. Затым рускія салдаты адправілі нас у дзіцячы дом № 22 горада Яраслаўля. Памятаю, як выхавацелька вазіла нас у хату, дзе жыў рускі паэт Някрасаў. Яна вучыла нас плаваць. У мяне там былі дзве сяброўкі фінкі. Я нават памятаю, як іх звалі. Адну – Кемпііна, другую – Друкава Фэля. Але і ў дзіцячым доме было нялёгка. Хлеба на дзень давалі па 50 грамаў, увесь час хацелася есці. (Цяпер зразумела нам, чаму бабулі забіраюць з сабой недаедзеную порцыю хлеба, хоць і не заўсёды яе з’ядаюць. Гэта ўсё адгалоскі той вайны – аўт.). Тады было прынята рашэнне адправіць усіх туды, дзе хто нарадзіўся. Выхавацелька ехала да мужа ў Брэст і ўзяла нас з сабою. Давезла да Мінска, а там мы двое сутак сядзелі на вакзале. Затым нас адправілі ў Будслаў, далей у Докшыцы.

У вёсцы гаварылі: “Во, Пахомавы дзеці прыехалі, а як жа яны будуць жыць без бацькоў”. Пра бацьку казалі, што ён трапіў у нямецкі палон, і па дарозе нямецкі канвой трапіў пад бамбёжку, так тата і загінуў. А маці памерла ў 1943 годзе, яна была хворая на сэрца. Так мы і жылі адны. Я хадзіла ў вёску Ваўча да старэйшай сястры. Яна дасць крыху бульбы і нясу малодшым сёстрам. Самая меншанькая апухла ад голаду, пасінела ўся, і тады меншых забралі ў дзіцячы дом у Маргавіцы, затым у Барысаў, Мінск. А я засталася на будаўніцтве Бягомля. Пазнаёмілася з маладым чалавекам, ён служыў у Плешчаніцах, украінец, але жыў на Каўказе ў горадзе Грозны. Пасля заканчэння службы мы паехалі туды. Пажыла з ім нядоўга, муж трапіў пад трамвай. Я ўзяла двухгадовага сына і вярнулася на Радзіму. Працавала ў КБА ў Бягомлі швачкай. Як былі сілы, патрэбна была ўсім, а зараз нікому не патрэбна. Дзякуй дзяржаве, не кідае нас.

На вачах бабулі выступілі слёзы. Што тут скажаш? Як супакоіць у такія хвіліны? Якія б добрыя словы не сказаў, як бы не суцяшаў, балючае ўсё роўна баліць. Раны, нанесеныя вайной, ніколі не загояцца.
А ў наступную маю змену, 25 сакавіка, пашчасціла быць сведкай урачыстасці, якая адбылася ў нашым аддзяленні ў гонар маёй субяседніцы.

Яе чарговая ўзнагарода – юбілейны медаль “70 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 г.г.” знайшла яе ў казённым доме.

Уручыў медаль вязню нацызма Тамары Шныпко начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Вацлаў Андрыеўскі.

На свяце з нагоды гэтай падзеі гучалі песні, якія прысутным дарылі работнікі мясцовага клуба. Вучаніца 9 класа мясцовай школы Дар’яна Бяляўская павіншавала бабулю і ўручыла падарунак ад вучняў.
Старшыня Сітцаўскага сельвыканкама Ізабэла Януковіч таксама павіншавала Тамару Пахомаўну з узнагародай і пажадала ўсім прысутным моцнага здароўя і цярпення.

Я агарнула позіркам сваіх падапечных. На вочы многіх выступілі слёзы. Яны не забыліся. Яны ўсё памятаюць. Бачылі тую вайну вачыма падлеткаў. Змагаліся з ворагам, як умелі, выжывалі. За іх плячыма – цяжар ваеннага ліхалецця, мудрасць пражытых гадоў. Мо таму, размаўляючы з імі, дакладна разумееш сапраўдную каштоўнасць іх парад. “Дзеткі, беражыце мір на Зямлі, бо вайна – гэта самае страшнае, што можа быць. Беражыце здароўе, лад у сям’і. Старайцеся быць добрым прыкладам для сваіх дзетак, даражыце сяброўствам. Жывіце з Богам у душы. Бо жыццё, як адно імгненне, многае можна і не паспець…”

НА ЗДЫМКУ: (злева направа) сёстры
Яніна Іванаўна
і Браніслава Іванаўна Капыш,
Тамара Пахомаўна Шныпко,
Алена Антонаўна Шылько,
якія сталі сяброўкамі
па волі лёсу,
калі трапілі
ў Сітцаўскае аддзяленне
кругласутачнага знаходжання.
Жанна
КАРЖЭВІЧ-БЕЛЬСКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *