В детской библиотеке г. Докшицы проходят занятия воскресной школы

IMG_0934Штогод у дзіцячай нядзельнай школе, якая дзейнічае пры Свята-Пакроўскай царкве ў Докшыцах, колькасць наведвальнікаў павялічваецца. І гэта радуе настаўнікаў, якія разам з бацькамі амаль адразу запрыкмецілі, што навучанне ў хрысціянскіх традыцыях дапамагае хлопчыкам і дзяўчынкам не толькі сфарміравацца як асобе, але і палепшыць свае паводзіны і паспяховасць у агульнаадукацыйнай школе.

Кожную нядзелю ў чытальнай зале дзіцячай бібліятэкі праходзяць заняткі малодшай і старэйшай груп (на здымку), на якіх дзяцей знаёмяць з асновамі праваслаўнай веры вопытныя выкладчыкі: Алена Гудзь, Таццяна Вахавіч, Наталля Лашкунова, Алена Марковіч, Людміла Ючкавіч. Спачатку ўсе разам чытаюць малітву “Отча наш”, потым займаюцца вывучэннем Закона Божага. Пасля невялічкага перапынку – творчыя заняткі. У апошнюю нядзелю месяца навучэнцы ідуць у храм на богаслужэнне. Вось ужо тры гады служаць пры алтары Дзіма Салавей, Саша Касцюк і Лёша Касцючэнка, сярод хлопчыкаў і дзяўчынак ёсць тыя, хто нясе послух у храме – дзяжурыць каля падсвечнікаў.

Нядзельная школа – гэта не толькі вучоба. Па блаславенні і пры дапамозе настаяцеля Свята-Пакроўскай царквы айца Георгія Мялешкі хлопчыкі і дзяўчынкі падарожнічаюць па праваслаўных мясцінах Беларусі, з задавальненнем удзельнічаюць у прадстаўленнях на Каляды і Вялікдзень.

Некаторыя вучні падзяліліся сваімі ўражаннямі ад заняткаў.

Віялета Будзько: “Мне вельмі падабаецца хадзіць у нядзельную школу, пазнаваць новае, станавіцца больш добрай”.

Настасся Марозава: “Займаюся тут чацвёрты год. Вельмі люблю настаўнікаў, якія вучаць нас асновам праваслаўнай веры. А яшчэ падабаецца падарожнічаць па святых месцах. Асабліва мяне ўразіла паездка да святых крыніц пад Лагойскам”.

Валерыя Гмырак: “У школе пануе асаблівая атмасфера дабрыні, узаемапавагі. Тут нас вучаць паслухмянасці, а гэта сапраўды дапамагае лепш вучыцца”.
Вадзім Вязнікаў: “Запамінальнай была паездка ў Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр, што ў Мінску”.

Яна Ючкавіч: “Так-так. У манастыры мы наведалі дзве майстэрні – па роспісе абразоў і мазаічную. Якія ж прыгожыя вырабы там ствараюць! Аж дух захоплівае!”

У нядзельнай школе навучэнцаў выхоўваюць у правілах хрысціянскай маралі, прывіваюць хрысціянскі погляд на жыццё. А слова Божае, закладзенае ў душы, як добрае насенне ва ўрадлівай глебе, абавязкова дасць добрыя ўсходы.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *