Юля Янукович — активистка Парафьяновской школы Докшицкого района

ЮЛЯ ЯнуковичТворчыя здольнасці вучаніцы Параф’янаўскай СШ Юлі Януковіч (на здымку) вядомы даўно па-за межамі раёна. Яна неаднаразова прымала ўдзел у абласных і рэспубліканскіх конкурсах, раз-пораз яе творы з’яўляюцца на старонках “Настаўніцкай газеты”, “Звязды”, “Пераходнага ўзросту”, “Віцебскіх вестках”. Добра вядома яна і чытачам раёнкі.
Нарадзілася дзяўчынка ў вёсцы Параф’янава, дзевяць гадоў правучылася ў Заборцаўскай школе, пасля рэфармавання якой перайшла ў Параф’янаўскую. Сёлета яна – адзінаццацікласніца. Юля ніколі не сумуе. Як кажа яна сама: “Няма калі!” Вядома ж – выпускніку прамаруджваць час нельга. Да таго ж, дзяўчына – школьная актывістка.
– Я вельмі люблю чытаць, – дзеліцца Юля. – Лічу гэта вельмі важным, бо сама спрабую сябе ў літаратурнай рабоце. Самая любімая тэма – гістарычная. Прыйшло гэта захапленне праз настаўніка гісторыі і класнага кіраўніка Анатолія Іосіфавіча Грыгаровіча. Да таго ж, ён вядзе аб’яднанне па інтарэсах “Краязнаўства”. Неаднаразова з вучнямі-аднадумцамі арганізоўваў паходы па месцах баявой славы, знаёміў нас з роднымі краявідамі. Ведае шмат легенд і расказаў пра іх.
Тое, што Юля актыўная і цікавая, даказвае выпадак, калі яшчэ ў 7 класе за ўдзел у творчым конкурсе “Мая сям’я – мой гонар” яна заняла першае месца ў раёне і прадстаўляла наш раён на вобласці. За другое месца яна атрымала пуцёўку ў аздараўленчы лагер “Зубраня”, дзе сваю літаратурную работу трэба было яшчэ абараніць. У выніку другое месца ператварылася ў першае, бо яе задор, энтузіязм і эрудзіраванасць нельга было не прыкмеціць. Трапіла Юля ў “Зубраня” і яшчэ раз — за актыўную жыццёвую пазіцыю і дзейнасць у піянерскай арганізацыі.
Ёсць у сям’і Януковічаў і агульнае сямейнае захапленне: Юля разам з маці Аленай Вячаславаўнай вельмі любяць спяваць і часта дораць свой талент гледачам не толькі мясцовых канцэртаў, але і раённых.
Сябруе дзяўчына і са спортам: вельмі падабаецца ёй настольны тэніс.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *