Журналисты докшицкой районной газеты «Родныя вытокі» 5 мая отмечают профессиональный праздник

IMG_2452Журналістыка — адна з нямногіх прафесій, у якой выпадковыя людзі надоўга не затрымліваюцца. Прыходзяць па-рознаму, але, каб застацца ў ёй, трэба мець, у першую чаргу, здольнасці да пяра. А каб сказаць сваё адметнае, важкае слова, патрэбна яшчэ шэраг іншых якасцей, якія і робяць гэту творчую прафесію рамантычнай і прыцягальнай. Журналістамі захапляюцца, але не вельмі любяць, а яны самі, зрабіўшы аднойчы выбар, не здраджваюць яму ніколі, бо журналістаў, як і артыстаў, былых не бывае.
Стаж працы ў журналістыцы ў адказнага сакратара нашай рэдакцыі Анны Жоўтка 34 гады. Магло быць і больш, але па некаторых прычынах ужо праз год, як дасягнула пенсіённага ўзросту, у поўным творчым росквіце, Анна Іванаўна была вымушана пайсці на адпачынак. Але раёнку выпісвала, калегам, якія звярталіся да яе па дапамогу, тэлефанавала і не раз цягнулася яе рука да пяра, толькі ўнутры нешта стрымлівала. Пяро ж гэта заўсёды было граматным, прыцягальным сваёй прастатой і вострым, калі патрабуецца. Вось толькі адзін прыклад. Але аўтара гэтых радкоў, які тады толькі рабіў першыя крокі ў журналістыцы, ён назаўсёды ўлюбіў у гэту прафесію. Дзесьці ў сярэдзіне 80-х гадоў паехала тагачасны загадчык аддзела сельскай гаспадаркі рэдакцыі раённай газеты “Ленінская трыбуна” Анна Жоўтка ў перадавы па надоях малака племзавод “Порплішча”. На Варганскай ферме працавалі першыя ў раёне чатырохтысячніцы, імёны якіх “грымелі” на ўсю вобласць. Пра іх і задумана было напісаць артыкул. Але, завёўшы гаворку пра жыццё-быццё, журналістка здолела выклікаць жанчын на шчырасць. І аказалася, што за сваю працу гэтыя працаўніцы маюць толькі кпіны з боку кіраўніка гаспадаркі, а яшчэ неналаджаны быт і зарплату, якая далёка не адпавядала той славе, якую зарабілі яны саўгасу. Тым не менш сказанае можна было прапусціць, як кажуць, міма вушэй і напісаць, як і даручаў рэдактар, хвалебную оду дырэктару. Толькі як быць з асабістым сумленнем і даверам людзей, якія на цябе паспадзяваліся? З гэтым у Анны Іванаўны заўсёды ўсё было ў парадку. Таму яна ўзяла на сябе смеласць і напісала крытычны артыкул “Стук у глухую сцяну”. Рэдактар Мікалай Гуйдо зрабіў яшчэ адзін смелы крок і надрукаваў яго. “Стук у глухую сцяну” стаў бомбай. Каб зрабіць яе небяспечнай, было склікана пасяджэнне бюро райкама партыі. Дырэктар племзавода атрымаў вымову.
Гэта не адзіны прыклад, які ярка сведчыць, што ў журналістыцы Анна Жоўтка зусім не выпадковы чалавек. Хаця ў рэдакцыю прыйшла якраз па волі яго вялікасці выпадку. Пасля заканчэння Параф’янаўскай дзесяцігодкі вучылася ў Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме. Працавала па спецыяльнасці ў Вілейскім раёне. Калі нарадзілася дзіця, пераехала з сям’ёй у вёску Барсукі нашага раёна. Дэкрэтны водпуск закончыўся і, праглядаючы неяк раённую газету, звярнула ўвагу на абвестку пра тое, што рэдакцыі патрабуецца карэктар. Анна Іванаўна да гэтага часу ўжо закончыла філфак БДУ і вяртацца ў бібліятэку не было ніякага жадання. Вырашыла, што работа карэктара будзе лепшай практыкай у беларускай мове. Але ўжо праз тры месяцы пасля ўладкавання на працу, яна была прызначана карэспандэнтам. Мікалай Піліпавіч Гуйдо вопытным вокам убачыў у ёй тое, што з’яўлялася бясцэннымі якасцямі журналісткі на любой з займаемых ёю пасад. Піша лёгка на любую нават самую нецікавую тэму. Мае звычку дакопвацца да ісціны. Праўдзівая і справядлівая, як у прафесіі, так і наогул у жыцці, яна прайшла ўсе прыступкі службовай лесвіцы аж да намесніка рэдактара. З’яўляецца членам Беларускага саюза журналістаў. Друкавалася ў абласных і рэспубліканскіх выданнях. Неаднаразова станавілася пераможцам абласных прафесійных конкурсаў. Мае шэраг грамат і падзяк за працоўную дзейнасць на ніве журналістыкі.
У 2005 годзе здарылася падзея, якая яшчэ раз пацвердзіла, наколькі ўдзячна лёсу Анна Іванаўна за тое, што ён некалі прывёў яе ў журналістыку. У рэдакцыю пасля заканчэння ўніверсітэта імя Машэрава прыйшла працаваць карэспандэнтам яе дачка Таццяна. Літаральна праз некалькі месяцаў яна была прызначана рэдактарам раённага радыёвяшчання. З таго часу прыгожы, добра пастаўлены голас Таццяны Майскай у прызначаны час расказвае слухачам пра падзеі ў раёне. У газеце яна друкуецца як Таццяна Падбярэзкая. Піша на розныя тэмы і мае сярод чытачоў шмат сваіх прыхільнікаў.
Анна Іванаўна, да ўсеагульнай радасці калектыву, у 2011 годзе, зноў вярнулася ў рэдакцыю. Да сённяшняга дня яна – незаменны адказны сакратар, які вычытвае матэрыялы журналістаў, робіць макеты газеты, піша цікавыя артыкулы, асабліва на блізкую для сябе аграрную тэму, і шчодра дзеліцца багатым прафесійным вопытам з маладымі журналістамі.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: Анна Жоўтка
і Таццяна Падбярэзкая.
Фота А. Аўласевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *