Начальник участка по эксплуатации и ремонту жилфонда ЖКХ » Докшицы-коммунальник » Тамара Цинкович ответила на самые насущные вопросы

IMG_6593 IMG_6600Летам мінулага года набыла законную моц Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12 чэрвеня № 571. Ёй устаноўлены пералік відаў работ па бягучым рамонце жыллёвага фонду і парадак замяшчэння фактычных выдаткаў на яго, вызначаны работы, якія фінансуюцца са сродкаў мясцовага бюджэту і за кошт насельніцтва – уласнікаў і наймальнікаў. Рамонт пад’ездаў, згодна з дакументам, павінен весціся за кошт жыльцоў.


РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” ужо пачало работу ў гэтым накірунку. У насельніцтва ўзнікае шмат пытанняў да арганізацыі, у большасці выпадкаў бакі прыходзяць да паразумення. Тым не менш, сённяшняе інтэрв’ю з начальнікам участка па эксплуатацыі і рамонту жылфонду камунгаса Тамарай Цынковіч, якая адкажа на самыя надзённыя з іх.

– Чым абумоўлена неабходнасць рамонту пад’ездаў за кошт жыльцоў?
– Да гэтага часу ўвесь бягучы рамонт жылля ў рэспубліцы праводзіўся за кошт бюджэтных сродкаў. Зразумела, што іх не хапала. На практыцы арганізацыі ЖКГ праводзілі сходы, звярталіся па дапамогу да жыльцоў. Да таго ж, па ўсёй рэспубліцы каля 80 працэнтаў жылля знаходзіцца ва ўласнасці. Атрымоўваецца, што кватэра мае гаспадара, а пад’езд як бы нічый. Зараз дакладна разгалінавана, якія работы па бягучым рамонце жылфонду павінны выконвацца за бюджэтныя сродкі, а якія – за кошт насельніцтва.
– Тамара Уладзіміраўна, давайце спынімся на гэтым падрабязней.
– Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 04.06.2014 № 12 зацверджаны пералік відаў работ па бягучым рамонце жылога фонду і парадак пакрыцця фактычных выдаткаў на бягучы рамонт. Згодна з ім уласнікі і наймальнікі жылых памяшканняў фінансуюць наступны пералік работ. Гэта расшыўка швоў, задзелка выбоін, расколін, асобных участкаў сцен пад’ездаў, за выключэннем тэхнічных памяшканняў; аднаўленне тынкоўкі і абліцоўкі, выраўноўванне сцен і столяў пад’ездаў; узнаўленне і ўмацаванне дэкаратыўных дэталяў лепкі; задзелка выбоін, расколін у бетонных падлогах, работы па замене пакрыцця падлогі без змянення канструкцыі; рамонт і замена асобных элементаў смеццеправодаў; малярныя работы; рамонт печак і дымаходаў.
У нашым раёне дзейнічае камісія, якая вызначае пад’езды, дзе трэба правесці рамонт на год. Сёлета такіх 18. Пасля гэтага работнікі камунгаса выязджаюць на месца і абмяркоўваюць з жыльцамі, які б рамонт яны хацелі правесці ў пад’ездзе. З практыкі магу адзначыць, што запыты самыя розныя. Адны жыльцы згодны толькі на мінімальныя выдаткі і просяць зашпакляваць выбоіны і пафарбаваць сцены. Такія работы, зразумела, каштуюць танней. Другія просяць выраўняць сцены, замяніць плітку і іншае – тут ужо і кошт рамонту ўзрастае. Перад тым, як вызначыцца з аб’ёмам работ, мы робім дакладную калькуляцыю і даводзім да ведама кожнага ўласніка суму яго ўкладу ў справу агульнага рамонту пад’езда, заключаем дагаворы. Аплачваць усю суму адразу неабавязкова. Яе камунгас падзеліць роўнымі долямі на паўгода і прапіша асобным радком у жыроўках.
– А ці могуць жыльцы адмовіцца ад рамонту?
– Калі пад’езд уключаны ў графік, то рамонт там будзе выкананы. Пастановай прадугледжана, што дзеля таго, каб скласці каштарыс і прыступіць да рамонту, дастаткова згоды большасці ўласнікаў і наймальнікаў. Аднак, аплачваць работы будуць усе. Пры гэтым выніковая сума не будзе дзяліцца роўнымі долямі паміж кватэрамі. Яна будзе залежыць ад агульнай плошчы кватэры – чым яна большая, тым вышэй сума. Наймальнікі і ўласнікі могуць нават самі знайсці арганізацыю ці прыватную асобу, якая выканае ім рамонт пад’езда. Толькі трэба ўзгодніць гэты момант з камунгасам, каб бягучы рамонт не выходзіў за межы графіка. Хачу дадаць, што, акрамя фінансавага, новае правіла нясе і псіхалагічны падтэкст. Заўжды зробленае ўласнымі рукамі, а тым больш за ўласныя сродкі, служыць даўжэй і беражэцца больш.
Трэба адзначыць, што ў нашым горадзе, ды і раёне ёсць такія пад’езды, дзе жыхары кватэр не толькі падтрымліваюць элементарны парадак, але і самі прыкладаюць намаганні, каб гэтыя некалькі пралётаў ад парога шматкватэрнага дома да парога кватэры мелі эстэтычны выгляд.
НА ЗДЫМКАХ: у такім пардку і прыгажосці ўтрымліваюць свой пад’езд і тэрыторыю каля яго жыльцы дома № 30 па вуліцы Школьнай горада Докшыцы.

Гутарыла
Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *