В Докшицах прошёл фестиваль православной культуры «Кладезь» (+ фото)

IMG_4572Праваслаўная выстава-кірмаш “Кладзезь” у будучым павінна стаць традыцыйнай. Пра гэта гаварылі не толькі яе арганізатары, але і наведвальнікі, якіх за восем дзён на ёй пабывала шмат. Адны ішлі паглядзець на разнастайныя раздзелы выставы, набыць іконы, царкоўныя рэчы. Другія прыходзілі, каб ва ўзаемнай дабрыні і спагадлівасці атрымаць прыемныя пачуцці для душы. Сёстры Свята-Елісавецінскага манастыра, якія з радасцю сустракалі кожнага, хто завітаў на выставу, не шкадавалі добрых слоў і проста свяціліся ўсмешкамі.
Кожны дзень фестывалю быў насычаны рознымі мерапрыемствамі. Штодзень у Храме Пакрова Прасвятой Багародзіцы служыліся малебны. Прыхаджане прыкладаліся да дзвюх ікон: Святога праведнага Сімяона Верхатурскага і Святога Вялікамучаніка Панцялеймона, якая, дарэчы, у час знаходжання ў докшыцкай царкве заміраточыла. Такое цуда сведчыць пра жыццё святых, пра іх дапамогу ўсім нам. Іхняя любоў не змяншаецца, бо ў Бога няма мёртвых – усе жывыя.
Шмат увагі ў час мерапрыемства надзялялася выхаванню моладзі. Для іх былі праведзены праекты “Моладзь і праваслаўе”, “Моладзь — час выбару”, “Агульная справа”, “Пераадоленне”. У кінатэатры можна было паглядзець тэматычныя фільмы, якія абагульніў праект “Добрае кіно”. Дакшычане мелі магчымасць сустрэцца з настаўнікам гісторыі кандыдатам культуралогіі Наталляй Шчарбаковай і многімі іншымі гасцямі фестывалю.
Дабрынёй і пяшчотай была прасякнута творчая сустрэча-канцэрт з паэткай, членам Саюза пісьменнікаў Расіі і Беларусі, дзіцячым пісьменнікам, аўтарам і выканаўцам песень Таццянай Дашкевіч.
Некаторыя дзеці прыбягалі на спектакль “Батлейкі” па некалькі разоў на дзень . Напэўна, вельмі падабаліся малым лялечныя героі Конік і Вусень, якія праз сваю гісторыю вучылі дабру і любові да бліжняга. Напрыканцы казкі ўсе гледачы атрымлівалі невялічкія сувенірчыкі ў выглядзе кніжных закладак. Побач з батлейкай можна было пазнаёміцца з экспазіцыяй “Беларуская хатка”.
На закрыцці фестывалю настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Докшыцах, Георгій Мялешка адслужыў падзячны малебен. Святар асаблівую ўвагу звярнуў на патрыятычнае выхаванне нашчадкаў. Намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч запэўніла, што сустрэчы з праваслаўнай культурай стануць традыцыйнымі. Сястра манастыра Ірына ад усіх, хто прыехаў з ёй, дзякавала за цёплы прыём. Па яе словах, у докшыцкіх людзей вялікія чулыя сэрцы, якія адкрыты для ўсяго добрага і светлага. Яна параўнала ўсіх з сонцам і падкрэсліла, што ў час знаходжання на докшыцкай зямлі ім было так добра, быццам “Гасподзь Бог на руках насіў”. Асаблівым словам яна ўспомніла тых, хто адгукнуўся на просьбу і прадаставіў удзельнікам фестывалю жыллё.

Тэкст і фота
Яўгеніі ГІЧАНСКАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *