Ветеран из деревни Турки радуется победной юбилейной весне

IMG_9703Міхаілу Данілавічу Пашкоўскаму з вёскі Туркі 13 чэрвеня споўніцца 90 год. Свой паважаны ўзрост ветэран сустракае ў дыхтоўнай хаце, дагледжаны і абласканы дачкой. Дастойная старасць, якую чалавек заслужыў сваім жыццём.
Вясна для яго – асаблівы час. 70 год таму, калі ўсё гэтак жа квітнелі сады і буяла прырода, адпушчаны дадому далечвацца па раненні радавы артылерыйскага палка 1-га Беларускага фронту Міхаіл Пашкоўскі шчыра радаваўся Перамозе, а яшчэ больш таму, што застаўся жывы. Ваяваць яму давялося некалькі месяцаў пасля таго, як летам 1944 года быў прызваны ў армію, але ваеннага ліха 18-гадовы юнак паспеў зведаць спаўна. Пасля абавязковага навучання, якое праходзяць усе навабранцы, салдат стаў заражаючым артылерыйскага разліку гармат 45 калібру.
– Фарсіравалі Заходнюю Дзвіну, і камандзір нам сказаў, што да Германіі засталося 510 кіламетраў, – успамінае ветэран. – Здавалася б, зусім блізка, а мне дайсці не давялося. На фронце па загадзе Жукава кожная буйная аперацыя пачыналася з артпадрыхтоўкі. Пасля таго, як мы ўсыплем немцам жару, у бой уступалі танкі з пяхотай. У адной з наступальных аперацый давялося ўбачыць і пачуць, як страляе “Кацюша”. Гул, свіст, неба ўсё ў спалохах, як у моцную навальніцу. Страшна. Нездарма яе немцы баяліся, як агню. Дайшоў наш полк да Віслы, і там пад г. Вышкаў я быў паранены асколкам у нагу. Мог стаць інвалідам у 19 год, але хірургу, якога добрым словам успамінаю ўсё жыццё, удалося нагу захаваць.
Аперацыю зрабілі прама ў палявым шпіталі. Калі крыху ачуняў ад нясцерпнага болю, адправілі ў Вілейку. Прабыў там з месяц, а потым адпусцілі далечвацца дадому, так сказаць, на свае харчы.
Бацькі былі вельмі задаволены, што адзіны сын вярнуўся. Гаспадарка ў Данілы Пашкоўскага была вялікая. 24 гектары зямлі апрацоўвалі тры кані, у хляве стаяла 6 кароў. Яго браты жылі не менш заможна. Змаглі вывучыць сыноў, сярод якіх былі афіцэр, інжынер, урач. Усю гаспадарку прыйшлося пазней аддаць у калгас. У 1949 годзе Міхаіл, які быў камісаваны з арміі па раненні, ажаніўся з настаўніцай Юліяй Ільінічнай. Звыклы жыць у сям’і, дзе заўсёды быў дастатак, ён не мог задавольвацца калгасным заробкам на працадні. Таму ездзіў на заработкі ў Карэлію, потым працаваў у ДЭУ-180. Ніякай работы не баяўся, на любым месцы працы быў сярод лепшых работнікаў.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: ветэран Вялікай Айчыннай вайны М.Д. Пашкоўскі.
Фота В. Чарвінскага.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *