Алина Анисович из Бегомя знает, что лето исполнит желания

IMG_4823Кожны дзень школьнага жыцця Аліны Анісовіч (на здымку) быў насычаны рознымі падзеямі, адказнымі мерапрыемствамі, ідэямі і марамі. Яна ніколі не сумуе, увесь час знаходзіць занятак па душы і сваёй адкрытай усмешкай дорыць кожнаму масу пазітыву.
– Жыццё адно, – разважае дзяўчына, – а ў свеце столькі цікавага і нязведанага. Калі сумаваць, то не хопіць часу даведацца пра ўсё.
Напэўна самае вялікае захапленне Аліны – гэта музыка. Яна скончыла музычную школу па класу фартэп’яна, з сямі гадоў выступае на мясцовай бягомльскай сцэне. З задавальненнем займалася харэаграфіяй. Песні ў яе выкананні заўсёды прасякнуты глыбінёй пачуццяў, у іх чуецца душа. Прыгожы пяшчотны голас і асабістыя адносіны да твора даўно зрабілі выступленні Аліны доўгачаканымі. Сама ж дзяўчына дзякуе за свае поспехі ў вакальным майстэрстве настаўніцы музыкі Алене Дзенісенка.
Радуюцца поспехам дачкі бацькі, ганарацца перамогамі ў шматлікіх музычных конкурсах сябры. А Аліна не сядзіць на адным месцы. Наведвае спартыўную секцыю – іграе ў валейбол. Працягвае займацца спевамі. Авалодвае ігрой на розных музычных інструментах. Але і пра вучобу не забываецца. Хоць зараз і канікулы, але разумее дзяўчына, што калі пераходзіш у наступны клас, то з’яўляецца яшчэ больш адказнасці, тым больш, што ў наступным навучальным яна будзе вучыцца ўжо ў дзявятым. Трэба задумвацца і пра далейшы выбар прафесіі.
У час канікулаў, як і ў іншы час, абавязкова наведвае Аліна бібліятэку, бо кніга для дзяўчыны як лепшая сяброўка – і выслухае, і адказы на пытанні падкажа.
– Лета – доўгачаканая пара! Светлавы дзень такі доўгі, можна ўсё задуманае выканаць. Зараз падумваю, каб у які-небудзь працоўны лагер пайсці, бо сапраўдны адпачынак немагчымы без работы.

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *