Докшичане приложились к Кресту преподобной Евфросинии Полоцкой

IMG_9308Два дні “гасціла” святыня ў Докшыцкім благачынні, і вернікі мелі магчымасць прыкласціся да яе.

Першым Крыж сустрэў храм вялікапакутніка Георгія Перамоганосца. Жыхары Сітцаў і навакольных вёсак разам з настаяцелем царквы айцом Леанідам Страхой, матушкай Нінай, пеўчымі чакалі сустрэчы з ім ля паклоннага крыжа. Адтуль працэсія рушыла да храма. У царкве айцец Леанід адслужыў удзячны малебен, у час якога вернікі прыклаліся да святыні. Потым, каленапрыкланіўшыся, яны праводзілі Крыж. Святыню абнеслі вакол храма над веруючымі, і яна адправілася ў Докшыцы.

Перад уездам у райцэнтр, Крыж абвезлі вакол горада, каб яго цудадзейная сіла благаславіла наша старадаўняе паселішча. Урачыстая сустрэча Крыжа адбылася на плошчы імя І.С. Палявога. Групе суправаджэння быў уручаны каравай, як знак гасціннасці Докшыцкай зямлі. Крыжом асянілі горад, каб на яго апусцілася ласка Боская, на ўсе чатыры бакі. Пасля малебну святое шэсце рушыла ў Свята-Пакроўскую царкву. Людзі ішлі па горадзе з малітвай. Узначаліў хрэсны ход благачынны Докшыцкай акругі протаіерэй Георгій Мялешка. Хрэсным ходам ішлі свяшчэннікі благачыння. Сярод вернікаў былі старшыня райвыканкама А.Л. Пінчук, старшыня райсавета дэпутатаў В.У. Сівіцкая.

У царкве быў адслужаны малебен прападобнай Ефрасінні Полацкай. Пакланенне Крыжу доўжылася да позняга вечара. Назаўтра з раніцы храм зноў быў даступны для пакланення. Затым адбылася Божая літургія. Яе ўзначаліў настаяцель айцец Георгій. Яму саслужылі свяшчэннікі благачыння Віктар Гмір, Аляксей Кушнярэвіч, Пётр Іоська. Літургія прадоўжылася малебнам у гонар прападобнай Ефрасінні.

IMG_9252Затым Крыж адправіўся ў Бягомль, дзе яго на плошчы ля Дома культуры сустрэлі вернікі разам з айцом Валерыем Цімковым. Святым шэсцем прайшлі да будынка храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, дзе на ганку настаяцель царквы іерэй Валерый Цімкоў адслужыў Удзячны малебен. Яму саслужваў іерэй Аляксей Кушнярэвіч. У час пакланення вернікаў Крыжу, які быў устаноўлены ў храме, чытаўся Акафест.

НА ЗДЫМКАХ: святое шэсце ў Докшыцах; пакланенне Крыжу ў Сітцаўскім храме.

Тамара  АЛЬШЭЎСКАЯ.

Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *