Главная медсестра Бегомльской районной больницы Елена Анисович — 20 лет в професcии

Изображение 154Маладая мілавідная жанчына – галоўная медсястра Бягомльскай раённай бальніцы Алена Анісовіч на здымку – амаль праз месяц будзе адзначаць своеасаблівы юбілей – роўна 20 гадоў таму яна пераступіла парог гэтай установы аховы здароўя. Прызнаецца, што ў школьныя гады пра прафесію медыка не марыла, больш гуляла ў школу і ўяўляла сябе настаўніцай. Вучыцца ў Аршанскае медвучылішча дзяўчына з Янкоў пайшла за кампанію з сяброўкамі, з усіх іх адна толькі і стала медыкам. Студэнцтва праляцела хутка. Калі настаў час ісці працаваць, дзяўчыну накіравалі на адзінае свабоднае месца медсястры – у Бягомль. Бальніца і колькасць пацыентаў у той час былі значна большымі. Працавалі тэрапеўтычнае, неўралагічнае, інфекцыйнае аддзяленні, хірургія, былі дзіцячыя ложка-месцы.

Тэарэтычныя навыкі, якія дала сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова, Алена Міхайлаўна адточвала на практыцы працэдурнай медсястрой у аддзяленнях, дзяжурыла на кругласутачным посце, працавала з доктарам на прыёме. З асаблівай удзячнасцю галоўная медсястра ўзгадвае прафесіянала і чалавека вялікай душы доктара Рамана Валюшкіна (на жаль ён рана пайшоў з жыцця), якому асістыравала ў хірургічным аддзяленні Бягомльскай бальніцы. Гэта была сапраўдная школа, якой не атрымаеш ні на адных курсах. Добра ставіліся да маладзенькай медсястры і калегі. У кожнага з прадстаўнікоў старэйшага пакалення медыкаў была свая тактыка. Адны апякалі і самі стараліся зрабіць складаныя маніпуляцыі, іншыя, наадварот, казалі: “Ідзі і рабі, вучыся”. Зараз жанчына ўдзячна і першым, і другім.

Шэсць гадоў таму Алене Міхайлаўне прапанавалі пасаду галоўнай медсястры. Яна доўга вагалася, бо душа больш ляжала да практычнай, а не адміністрацыйнай работы, але потым усё ж пагадзілася, тым больш, што бачыла падтрымку ад былой галоўнай медсястры. Спачатку было цяжкавата, але адказнасць, прынцыповасць, акуратнасць, якія ўласцівы жанчыне, адыгралі на гэтай пасадзе добрую ролю. Складана некалькімі словамі акрэсліць, за што адказвае галоўная медсястра. Абавязкаў безліч – гэта кантроль за бяспекай бальнічнага асяродку і захаваннем усіх правілаў санэпідрэжыму, прафесійнай этыкі, павышэнне прафесійных навыкаў медработнікаў рознага ўзроўню, санасветніцкая работа, рашэнне канфліктных сітуацый і іншае. Алена Анісовіч зазначае, што ўсё гэта робіць не адна яна, Бягомльская бальніца дае працу каля 70 работнікам, кожны з якіх павінен сумленна адносіцца да даверанай яму справы. У медыцыне не бывае лішняга звяна. Калі на шалях лёсу чалавечае жыццё, важна ўсё – ад прафесіяналізму доктара, майстэрства сярэдняга і малодшага медперсаналу, забяспечанасці прэпаратамі да выканання патрабаванняў стэрыльнасці пры апрацоўцы інструментаў, чысціні, парадку ў бальніцы.

Калі згадаць пра асабістае, то Алена Міхайлаўна кажа, што прыжылася ў гарпасёлку, адчувае сябе сваёй. Тут жа склаўся яе жаночы і мацярынскі лёс. А таму, выпадкова стаўшы медсястрой, зараз пра гэта яна не шкадуе.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *