Предприниматель из Докшиц открыл своё дело по ремонту и обслуживанию компьютеров и офисной оргтехники
Татальная камп’ютарызацыя ўсіх сфер жыцця сучаснага грамадства зрабіла вельмі запатрабаванымі спецыялістаў па ПЭВМ. Гэта даўно адчуў на сабе Дзмітрый Пятровіч, вядомы для жыхароў раёна як “камп’ютаршчык”. Інжынерам па абслугоўванні камп’ютарнай тэхнікі ён доўгі час працаваў у некалькіх арганізацыях і прадпрыемствах райцэнтра. Нядаўна вырашыў адкрыць сваю асабістую справу па рамонце камп’ютарнай і офіснай аргтэхнікі.
Свой першы бытавы дамашні камп’ютар Дзмітрый сабраў з дапамогай старэйшага брата ў 14 год. Выкарыстоўваў яго ў асноўным для гульні, заняткаў па інфарматыцы і для дасканалага вывучэння. Хутка ён ужо самастойна мог сабраць камп’ютар, самы найноўшы на той час, і ўстараніць у ім любую непаладку.
– Камп’ютарныя тэхналогіі развіваюцца настолькі хутка, што пастаянна трэба займацца вывучэннем, – гаворыць Дзмітрый. – Калі з’явіліся персанальныя камп’ютары, прыйшлося асвоіць шмат інфармацыі па прынцыпе іх работы, не адну машыну разабраць і сабраць, каб дасканала разабрацца ва ўстройстве. Гэта навука была і застаецца для мяне цікавай.
Як індывідуальны прадпрымальнік Дзмітрый працуе тры месяцы. Арандуе бытавое памяшканне ў Гарадскім цэнтры культуры. Прымае заказы па рамонце і абслугоўванні камп’ютараў, прынтараў, капіраў, факсаў і іншай аргтэхнікі як ад прыватных кліентаў, так і ад арганізацый. Наладзіў дылерскае супрацоўніцтва з беларускімі аптовымі пастаўшчыкамі камп’ютарных камплектуючых. Любую, нават самую складаную паломку, якая патрабуе пайкі дэталяў ці паглыбленага тэставання асобных элементаў, не зацягвае больш чым на два тыдні. З дробнымі непаладкамі звычайна спраўляецца за дзень.
– Рамонтам займаецеся толькі ў сваім памяшканні? Вас можна выклікаць дадому?
– У асноўным працую ў майстэрні. Але да лета пастараюся наладзіць работу так, каб можна было выязджаць да кліентаў і на месцы праводзіць дыягностыку і дробны рамонт.
– Пасля рамонту, напэўна, застаецца шмат непатрэбных дэталяў. У бягучы Год беражлівасці вы планавалі, як будзеце ад іх пазбаўляцца? Сапсаванай аргтэхніцы не месца на сметніку.
– Так, я пра гэта думаў. Адходы збіраю ў спецыяльную каробку. Потым з іх дастану дробныя каштоўныя металы, здам у спецыяльны пункт прыёму. Астатняе, пакуль у краіне не прынята рашэнне аб утылізацыі бытавых прыбораў, буду захоўваць у спецыяльна адведзеным месцы.
На недахоп кліентаў Дзмітрый не скардзіцца. Гаворыць, што аднолькава карыстаюцца попытам паслугі як па рамонце, так і па абслугоўванні камп’ютараў і разнастайнай аргтэхнікі, ёсць заказы па зборцы ПК. Актыўны паток кліентаў прадпрымальніка радуе: ёсць магчымасць заслужыць аўтарытэт і падставы будаваць планы на далейшае развіццё.
Таццяна СТАДОЛЬНІК.