В районе состоялся день Докшицкого сельсовета

Фота А. Варанковича.

Фота А. Варанковича.

Да пасяджэння 14-й сесіі раённага Савета дэпутатаў быў прымеркаваны дзень Докшыцкага сельсавета. Асноўным пытаннем, якое разглядалася, было навядзенне парадку на зямлі і добраўпарадкаванне населеных пунктаў.
Докшыцкі сельсавет – адзін з найбольш паспяховых у гэтым плане. У свой час вельмі вялікая работа была праведзена Ірынай Карандзей, калі яна была старшынёй сельвыканкама. Ірына Альбертаўна адна з першых у раёне пачала мэтанакіравана працаваць са спадчыннікамі, наводзіць парадак на могілках. Сёння яе работу плённа працягвае Анатоль Сценнік.
Давялося бачыць, у якім стане знаходзіліся асобныя населеныя пункты пасля зімы. Хапала і сметнікаў, і паваленых платоў. Трэба быць умелым арганізатарам, карыстацца аўтарытэтам у людзей, каб за некалькі месяцаў прывесці сельсавет у той стан, які давялося ўбачыць у час аб’езду. Рабілася гэта не ў апошні момант, бо і кадры відэафільма, які здымаўся прыкладна за месяц да дня сельсавета, ужо не зафіксавалі недапушчальнага становішча.
Першай на маршруце была вёска Крыкуны. Невялічкае паселішча, у якім толькі ў трох хатах пастаянна жывуць людзі. Яшчэ пяць ажываюць летам, калі ў іх селяцца так званыя дачнікі – дзеці і ўнукі былых гаспадароў. Яны аказаліся патрыётамі сваёй малой радзімы і, па меры магчымасці, дапамагаюць старшыні сельвыканкама, які адказвае за гэты населены пункт яшчэ і як дэпутат сельскага Савета, наводзіць парадак. Трухлявую хату разабрала КУП “Бытавік”, прыватнік В.В. Піўцэвіч экскаватарам закапаў тры падмуркі. У агульны севазварот уключылі восем пустых участкаў і засеялі амаль 5 гектараў. У выніку атрымалася акуратная вёсачка, у якой прыемна знаходзіцца.
На тэрыторыі сельсавета налічваецца 21 населены пункт, у якім ёсць жыхары. 56 хат стаяць пустымі. Толькі ля сямі з іх на сённяшні дзень яшчэ не паспелі навесці той парадак, які б хацелася. У асноўным гэтай справай займаюцца самі спадчыннікі. У старшыні сельвыканкама атрымліваецца будзіць у іх сумленне, не прыбягаючы да крайніх мер. Напамінкаў рассылалі шмат, а пратаколаў давялося скласці толькі два, больш не было неабходнасці. Сёлета знесена 10 трухлявых дамоў, закапаны 29 падмуркаў, на плошчы прыкладна ў 7 гектараў высечаны сады, кустоўе. Найбольшы аб’ём работ прыйшоўся на Пасекі. Яшчэ мінулым летам гэты населены пункт меў хрэстаматыйны выгляд выміраючай вёскі, дзе ледзь цеплілася жыццё. Сёлета яе не пазнаць. Знесены практычна ўсе трухлявыя пабудовы, закапана 12 падмуркаў (!). На 4,5 га праведзены культуртэхнічныя работы, больш пяці гектараў засеяны. Старшыня райвыканкама назваў гэты населены пункт эталонам таго, як трэба наводзіць парадак у вёсках, дарма не марнуючы час, людскія сілы і грошы. Не трэба бязглузда кожнае лета выразаць на адной і той жа сядзібе кустоўе, якое пасля кожнай такой аперацыі яшчэ больш распаўсюджваецца. Па-гаспадарску будзе выкарчаваць пні, закапаць падмурак і абараць участак.
Справіцца з праведзеным аб’ёмам работ сельвыканкаму дапамагалі замацаваныя за населенымі пунктамі арганізацыі: ААТ “Барсучанка” і “Таргуны”, РЭС, райста, хлебазавод, УКБ, ДРБУ-180, участак Лепельскага МКК, Докшыцкае лясніцтва і іншыя. Адгукнулася і такая прыватная структура, як “ЯВГ-сэрвіс” Прадпрыемства ў вёсцы Чырвонае Беразіно за свае сродкі адрамантавала помнік загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны вяскоўцам, вымасціла пліткай дарожку да яго.
Работа па навядзенні парадку працягваецца і яе яшчэ шмат, напрыклад, у такой буйной вёсцы, як Камайск. На больш высокі ўзровень павінна пераходзіць добраўпарадкаванне ў прыгарадных населеных пунктах Падомхі, Лапуты, Чырвонае Беразіно, дзе пражывае працаздольнае насельніцтва, шмат дзяцей.

Фота В. Чарвинскага.

Фота В. Чарвинскага.

На асабісты прыём да старшыні дачніца З.І. Дзядзейка прыйшла, каб даведацца ці будзе працаваць грамадская лазня ў Барсуках, а жывёлавод Г.М. Пяткевіч папрасіла дапамогі ў атрыманні жылля. Жанчына жыве разам з сям’ёй дачкі ў доме, які яна сама некалі атрымала ад гаспадаркі, прыватызавала і перапісала на дачку. Зараз ёй захацелася атрымаць яшчэ адно жыллё, каб жыць асобна. Узнятыя пытанні будуць разгледжаны разам з зацікаўленымі арганізацыямі РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” і ААТ “Барсучанка”.
У час прыёму ў вёсках старэйшына Масловіч папрасіла абрэзаць прыдарожныя кусты.
Па разгледжаных на сесіі пытаннях былі прыняты адпаведныя рашэнні.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКАХ: так выглядае зараз в. Пасекі; ля помніка ў вёсцы Чырвонае Беразіно.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *