Надежда Шилько работает заведующей аптекой агрогородка Волколаты Докшицкого района

Изображение 019«Надзейная ва ўсім», — так характарызуе загадчыцу аптэкі аграгарадка Валкалаты Надзею Шылько яе непасрэдны начальнік, загадчыца Цэнтральнай аптэкі Докшыцкага раёна Таццяна Гуц.

— Добрасумленная, адказная, выдатны спецыяліст, — распавядае Таццяна Аляксандраўна пра сваю падначаленую. – Мае 1-ую кваліфікацыйную катэгорыю, адзначалася падзякамі за дасягнутыя поспехі ў 2003 і 2006 гадах. Заўсёды цікавіцца навінкамі ў галіне фармацэўтыкі, асабліва беларускай вытворчасці. І ў грамадскім жыцці Надзея Рыгораўна прымае актыўны ўдзел: напрыклад, ніводзін канцэрт да Дня медыцынскага работніка як раённага, так і абласнога ўзроўню без яе не абыходзіцца. Дзякуючы намаганням загадчыцы аптэкі падтрымліваецца ідэальны парадак не толькі ў памяшканні (яе наведвальнікі заўсёды захапляюцца вялікай колькасцю пакаёвых кветак), але і вакол будынка. Карацей кажучы, чалавек на сваім месцы.
Удакладнім, што “на сваім месцы” Надзея ўжо 37 гадоў, з таго часу, як у далёкім 1978-ым прыехала працаваць па размеркаванні ў Валкалаты пасля заканчэння Магілёўскага медыцынскага вучылішча (зараз гэта каледж). Праз год выйшла замуж і засталася на валкалацкай зямлі. Мясцовыя жыхары палюбілі яе за сціпласць, шчырасць, душэўную цеплыню і спагадлівасць. Усе ведаюць, што па параду і дапамогу да аптэкаркі можна звярнуцца не толькі ў рабочы час, а, без перабольшвання, у любую гадзіну сутак – ніколі і нікому не адмовіць, дапаможа і словам, і на справе. Выклікае прыхільнасць яе мяккі, лагодны голас і заўсёдная ўсмешка на твары.
Ураджэнка Бешанковіцкага раёна, Надзея ў свой час скончыла школу з залатым медалём. Жаданне атрымліваць веды захавалася ў жанчыны на ўсё жыццё. Яе кампетэнтнасці, адукаванасці, чытацкаму кругагляду можна толькі па-добраму пазайздросціць. А яшчэ яна ведае на памяць неймаверную колькасць вершаў, гумарэсак, лірычных замалёвак, якія чытае падчас канцэртаў і розных мерапрыемстваў у мясцовым Доме культуры, выступае на сцэнах Докшыцкага і суседніх раёнаў. Прымае ўдзел і ў інсцэніроўках, танцуе.
“Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек – месца”, —гэта пра Надзею Шылько, якая сагравае ўсіх наведвальнікаў аптэкі, сяброў і блізкіх, знаёмых і нават незнаёмых людзей цеплынёй свайго сэрца.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
НА ЗДЫМКУ: Надзея Шылько.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *