Стартовал сезон заготовки черники в Докшицком районе

IMG_1894Дазволім сабе перайначыць прымаўку «летні дзень год корміць» згодна з тэмай артыкула. Летні лес сем’і корміць, а яшчэ адзявае, абувае і дазваляе ў хату чаго прыкупіць. Таму і шчыруюць нашы людзі, як пчолкі, у лесе са світанку і да цёмнага.

Праца гэта фізічна цяжкая. Але ж зарабіць хочацца. Тым, хто мае ўласны транспарт, – лягчэй да лесу-карміцеля дабрацца. Каму пашанцавала менш, ідзе пешшу, едзе на веласіпедзе ці аўтобусе. Адны адпраўляюцца сем’ямі, другія шукаюць кампанію, трэція любяць збіраць ягады і грыбы адны. Тыя, хто займаецца прыёмам дзікарослай прадукцыі, даўно скемілі, што трэба не толькі чакаць кліента з лесу ў пэўным месцы, але і самому ехаць яму насустрач. Нахадзіўшыся, людзі рады выйсці з лесу і тут жа здаць ягады-грыбы, каб дамоў дабрацца ўжо з капейчынай. Такая “растаропнасць” прыватнікаў забірала ільвіную долю ў дзяржаўных нарыхтоўшчыкаў, якія звычайна прымаюць дары лесу стацыянарна. Але ў гэтым годзе сітуацыя крыху змянілася. Мясцовае райста, акрамя прыёму ягад непасрэдна ў нарыхтоўчых пунктах у Докшыцах і Бягомлі ды па сельскіх крамах, заключыла дагаворы з чатырма асобамі на раз’яздную прыёмку. І гэта дало свой станоўчы вынік. Калі ў мінулым годзе за ўвесь сезон яны нарыхтавалі ўсяго толькі 0,8 тоны чарніц, то ў гэтым годзе па стане на 27 ліпеня было прынята ўжо 14,7 тон карыснай ягады. І сезон яе нарыхтоўкі яшчэ далёка не завершаны. У якасці стымулу больш актыўна весці гэту работу ў сельскіх крамах, таварыства прадугледзела прадаўцам выплаты, якія прама залежаць ад вагі прынятай ягады.
Пасля таго, як чарніцы з усіх пунктаў нарыхтоўкі звозяцца на захоўванне, яны трапляюць у спецыяльнае абсталяванне для шокавай замарозкі. У гэтым стане ягада будзе захоўвацца да таго часу, пакуль не пойдзе на рэалізацыю. Сёлета ёсць папярэдняя дамоўленасць на пастаўку 20 тон чарніц для кампаніі з Латвіі. А гэта значыць, нарыхтоўшчыкам яшчэ працаваць і працаваць.
Што тычыцца кошту за кілаграм чарніц, то з пачатку сезона збору да яго піку і, адпаведна, натуральнага спаду, ён спачатку большы, потым меншы, а потым ізноў павялічваецца. Райста пачынала прымаць ягаду па 27 тысяч, потым па 25, зараз даюць крыху больш за дваццаць. Гэтак і з лісічкамі – асноўнымі грыбамі для нарыхтоўшчыкаў. Першыя іх прымалі па 45 тысяч, зараз даюць у межах трыццаці. На момант выхаду газеты ў друк кошт можа быць іншым. Паралельна райста вядзе прыём садовых ягад.

НА ЗДЫМКУ: Наталля Ставер чакае сваіх здатчыкаў каля нарыхтоўчага пункта спажывецкай кааперацыі ў Бягомлі.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *