Докшичане Владимир и Евгения обустраивают родительский дом в Гнездилове
Ці задумваліся вы калі-небудзь над тым, што ў будынкаў, як і ў жывых істот – людзей, жывёл, дрэў, кветак, розныя лёсы, шчаслівыя і нешчаслівыя, і розныя тэрміны жыцця? Але калі чалавек, няхай не ва ўсім, але ўсё ж можа ўплываць на свой лёс, то дом цалкам ад яго, чалавека, залежны. Адны перадаюцца ад пакалення пакаленню, зберагаюцца, як найвялікшая святыня, а другія, закінутыя, непатрэбныя, хутка старэюць і паміраюць. Наш новы праект пад рубрыкай “Не прадаецца хата бацькоў” – пра тых спадчыннікаў, якія знаходзяць у сённяшнім вірлівым жыцці час, магчымасці і сілы для бацькоўскіх і дзедаўскіх хат, каб, як пісаў геніяльны Рыгор Барадулін, “душою не ачарсцвець і не страціць святое штосьці”.
Героі сённяшняй публікацыі – дакшычане Уладзімір і Яўгенія Арловы, якія падтрымліваць жыццё ў бацькоўскай хаце ў Гняздзілаве не лічаць сваім доўгам – яны проста не ўяўляюць, што можна паступаць інакш.
– Я тут нарадзіўся і вырас, памятаю кожнае дрэва, кожны камень, кожную сцежку, – гаворыць Уладзімір. – Гэта значная частка майго жыцця, шчаслівае, бесклапотнае дзяцінства. Тут пасяліліся мае ўспаміны, тут ва ўсім бачна праца маіх бацькоў. Як гэта адрынуць, выкрасліць? Рады, што Жэня, сама родам з Глыбокага, мае перакананні падтрымлівае. Як толькі вольная хвілінка з’яўляецца, едзем сюды разам з дзецьмі з гарадской кватэры. Жыццё на два дамы – гэта, лічым, не толькі нармальна, але і правільна.
Уладзімір, будаўнік, і Яўгенія, фельчар-лабарант раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, выхоўваюць двух сыноў – Уладзіслава і Савелія, якія вучацца адпаведна ў шостым і другім класах. Разам з імі пасля смерці жонкі Алены Анатольеўны чатыры гады таму жыве і Валодзеў тата Юрый Аляксандравіч. І ўся іх дружная сям’я не дае старэнькай гняздзілаўскай хаце, якая, дарэчы, пабудавана ў вельмі прыгожым месцы, на самым беразе невялікага азярца, зачахнуць і ўрасці ў зямлю. На агародзе, як гэта і было пры гаспадыні, вырошчваюць усё неабходнае. Ёсць і цяпліцы. Даглядаюць за старымі яблынямі і ягадным кустоўем, а таксама заклалі ўжо малады сад. Цепляць лазню, зрабілі летні душ. Пакрысе “маладзяць” і хату: пераслалі падлогу, пераклалі печку, зрабілі прыбудову. На бягучы год у планах перакрыць дах і правесці электраацяпленне.
Зараз ва ўтульным доміку выдатна кампануюцца дэталі інтэр’еру мінулага стагоддзя з сучаснымі. Асабліва беражліва адносяцца Арловы да сямейных рэліквій: ікон, фотаздымкаў, памятных падарункаў, любімых рэчаў бацькоў і бабулі з дзядулем, пісьмаў.
– Рускае прозвішча ў нас ад дзядулі Аляксандра Арлова, – распавядае Уладзімір. – Ён быў ваенным лётчыкам, пазнаёміўся з бабуляй у Віцебску. На вялікі жаль, мала ведаю сваю радаслоўную па гэтай галіне. Добра памятаю татавага дзядзьку Пятра Сцяпанавіча Пятроўскага, які быў сябрам Машэрава, працаваў у Віцебскім аблвыканкаме. Быў некалькі разоў у яго кабінеце, дзе ў адной з шаф, – смяецца, – мяне вельмі прываблівала крышталёвая ваза з шакаладнымі цукеркамі.
Паказваючы свае ўладанні, сужэнцы адзначаюць, што раней існавала праблема пад’езду да хаты ў міжсезонне: азярцо выходзіла з берагоў. Узяліся за падсыпанне дарогі і, беручы зямлю побач, раскапалі падмурак будынка піваварні, што дзейнічала тут у ХІХ – пачатку ХХ ст. Пасля ў ёй была арганізавана казарма для польскіх салдат.
– Узорваючы агарод і робячы градкі, штогод знаходзім гільзы ад патронаў, часам гузікі ад салдацкай формы, – кажа Жэня. – Мяркую, што ў гэтых маляўнічых, з цікавай мінуўшчынай мясцінах можна было б зрабіць некалькі зон для фотасесій, напрыклад, ля тых жа рэшткаў панскага маёнтка – вельмі прыгожа атрымалася б. А якое цудоўнае наша маленькае возера! Вова зрабіў мосцік-кладку – і рыбачыць можна, і проста сядзець улетку, апусціўшы ногі ў ваду, любавацца прыродай. Як ад такога хараства можна адмовіцца? І дзяцей вучым: вырасцеце – гэта пяройдзе да вас.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.