Мария Салимова из деревни Ракитовщина Докшицкого района не боится трудностей

Изображение 050Лёс Марыю Салімаву (на здымку), у дзявоцтве Гайковіч, ураджэнку і жыхарку вёскі Ракітаўшчына, зусім не песціў. Дзясятая ў сям’і, дзе ўсяго дзяцей было адзінаццаць, яна з самых малых гадоў ведала, што такое цяжкая сялянская праца і якая цана кавалка хлеба. Працавалі, як кажуць, ад мала да вяліка, і таму ўсе дзеці былі адзеты-абуты не горш за іншых і ежы заўжды хапала, ніколі не галадалі.
– Я з дзяцінства была гэтакім “чорцікам” – непаслухмянай, упартай, у крыўду сябе не давала, хоць меншым за мяне быў толькі адзін брат, – з усмешкай успамінае Марыя Баляславаўна. – Хоць і пратэставала часам, але адведзеную на маю долю работу мусіла выконваць, і выконваць належным чынам: у сям’і ва ўсім быў парадак. Тата з самага маленства заўважыў мае “байцоўскія” якасці і прывучаў да мужчынскай работы: да касы ды да плуга. Можа, адчувала бацькоўскае сэрца, што гэта мне спатрэбіцца ў далейшым жыцці…
Успамінае мая суразмоўца, што цацак ніякіх не было, а таму дзетвара гуляла ў розныя гульні і ладзіла канцэрты, на якіх Марыя была нязменнай вядучай. А яшчэ адным захапленнем дзяўчынкі стаў спорт. Бег, лыжы, скачкі ўдаўжыню – ва ўсім яна дабівалася выдатных вынікаў, ездзіла на абласныя спаборніцтвы ў Віцебск. Аднойчы, калі Марыі споўнілася чатырнаццаць гадоў, да бацькоў прыехалі прадстаўнікі адной з маскоўскіх спартыўных школ і ўгаворвалі адпусціць дачку ў сталіцу – жыць, вучыцца і займацца спортам. Бацькі не згадзіліся, і дзяўчынка вельмі балюча гэта перажыла, хоць і не падала выгляду.
Скончыўшы школу, Марыя разам з сяброўкай паступіла ў вучылішча ў Мінск, але ў жніўні прыехаў з Ленінграда старэйшы брат і забраў яе з сабой. У горадзе на Няве дзяўчына ўладкавалася на працу на фабрыку “Верацяно”, у штаце якой было ажно шэсць тысяч рабочых. Там яна асвоіла ўсе (!) спецыяльнасці па ступені складанасці: трапальшчыца, часальшчыца, лентачніца, раўняльшчыца, пральшчыца, матальшчыца. Заработная плата па тым часе была вялікай: 400 рублёў. Там, у Ленінградзе, нарадзіліся ў Марыі двайняткі: Віка і Вадзім. Адносіны з іх татам не склаліся, а ў хуткім часе маладая жанчына сустрэла сваё сапраўднае каханне. Менавіта Саід Салімаў угаварыў яе вярнуцца ў Беларусь, дзе знайшліся і работа, і жыллё. А ў родную вёску сям’я пераехала пазней: патрэбна было даглядаць старэнькіх бацькоў. Віка з Вадзімам пайшлі ў Гарадзішчанскую школу, нарадзілася Вераніка.
– Працавалі ў калгасе, дома трымалі вялікую гаспадарку, — успамінае Марыя гэтыя шчаслівыя гады. – Падрасталі дзеці – жыві ды радуйся…
Першы ўдар нанёс каханы муж: паехаў на сваю радзіму і не вярнуўся. Другі, нашмат мацнейшы, раны ад якога не загояцца ніколі, – трагічна загінула, патанула ў Дзвіне на першым годзе свайго студэнцкага жыцця, старэйшая дачушка Віка.
Кажуць, радасцю ты можаш падзяліцца з усімі, а вось з горам застаешся сам-насам. Ніякія словы спагады, ніякі клопат і падтрымка блізкіх не дапамагаюць суняць, суцішыць боль страты. Дапамагае толькі час, а яшчэ – сіла волі, душэўная моц, характар. Усё гэта ў Марыі Салімавай ёсць. З тае пары выраз “я сама”, які жанчына часта ўжывала раней, набыў новае значэнне: усю работу, мужчынскую і жаночую, ёй давялося выконваць самой, усе праблемы вырашаць самой, самой будаваць сваё далейшае жыццё.
Гэта зараз, калі дзеці выраслі, гаспадарка ў яе паменшала, а раней жа і карова, і свінні, і кабыла, і куры, і пчолы… А зямлі колькі! Апрацоўвала спачатку адна, потым дапамагаў сын. Ці часта зараз сустрэнеш жанчыну, якая смела, упэўнена кіруе канём, ходзіць за плугам, бараной? У Ракітаўшчыне такую карціну можна ўбачыць. Праўда, конь ужо не свой: Марыя бярэ яго ў суседа, пенсіянера Іосіфа Мацюшонка.
— І я, і ён адзінокія, хоць дзеці нас не забываюць, часта прыязджаюць, — кажа жанчына. – Дык дапамагаем адзін аднаму, чым толькі можам. Я вельмі ўдзячна Юзіку за падтрымку.
Марыя Салімава вось ужо пятнаццаць гадоў працуе санітаркай у Валкалацкай участковай бальніцы. Актыўная, энергічная, з гучным, звонкім голасам і заўсёднай усмешкай, яна дае сваім падапечным і работнікам установы зарад бадзёрасці і аптымізму. На ўласным прыкладзе паказвае, як, пераадольваючы жыццёвыя цяжкасці і выпрабаванні, заставацца моцнай, не скарацца лёсу, верыць у лепшае і радавацца жыццю.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *