В ОАО «Торгуны» Докшицкого района на зернесушилке работают студотрядовцы

Изображение 104Працаваць на зернетаку цікава і весела — лічыць віцяблянін Ягор Скрабнеўскі, які прыехаў на летнія канікулы да сваіх родных у Таргуны і, каб не марнаваць дарэмна час, пайшоў працаваць у студэнцкі сельскагаспадарчы атрад. У ААТ “Таргуны” гэты атрад налічвае 39 чалавек. Студатрадаўцы (іх узрост вагаецца ў межах ад 14-ці да 18-ці гадоў) завіхаюцца і на зернетаку, і ў складзе экіпажаў камбайнераў.

– Работа на зернетаку арганізавана ў дзве змены, – расказвае аграном-хімік гаспадаркі Аляксей Саковіч. – Шэсць чалавек працуе з 8-і да 14-ці гадзін, яшчэ шэсць – з 14-ці да 19-ці. У абавязкі рабят уваходзіць падборка зерня на пляцоўках пасля разгрузкі аўтамашын.
На пытанне, ці цяжка працаваць, уся каманда адмоўна круціць галовамі і ўсміхаецца. У Ягора, гараджаніна, уражанняў, мабыць, найбольш. А вось большасць працуе тут ужо не першы год. Не засталіся ўбаку ад агульнай справы нават будучыя студэнткі Карына і Юля з Гліннага – старэйшыя ў гэтай змене. Хлопцы – Максім з Таргуноў, Мікіта з Гліннага, Уладзіслаў з Крулеўшчыны і Ягор – яшчэ школьнікі. Па ўсім бачна, у калектыве пануюць добры настрой і простыя, сяброўскія адносіны. “Байцы за ўраджай” жартуюць, смяюцца і зусім не выглядаюць стомленымі ці незадаволенымі.
– Дзесьці па 90 тысяч за змену зарабляем, – дзеліцца Ягор, самы непасрэдны і гаваркі з атрада. – Вось і грошы на кішэнныя расходы будуць уласныя, не трэба ў бацькоў прасіць.
“Ведаць, як зарабляюцца грошы, вельмі важна, бо гэта дысцыплінуе і дапамагае паглядзець на працу бацькоў іншымі вачыма”, – лічыць першы сакратар РК ГА “БРСМ” Таццяна Гайчук, якая прыехала праведаць сваіх падапечных.
Жніво ідзе поўным ходам, а значыць, і дапамога сельскагаспадарчых атрадаў вельмі патрэбна гаспадаркам раёна. Пажадаем нашым юным працаўнікам плёну ў працы і баявога задору.

Алена
НЕСЦЯРОНАК.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *