Старейшиной деревни Подомхи является Николай Гильченко

DSC00158Падомхі – паселішча своеасаблівае. Завецца вёскай, а па месцы знаходжання практычна горад. Ён падступіў да населенага пункта так, што гарадская вуліца Падомхаўская стала прадаўжэннем вясковай Докшыцкай. Праязджаючы па іх, складана вызначыць, дзе заканчваецца адна і пачынаецца другая. Дапамагчы можа калі толькі асфальтавае пакрыццё, якое ў вёсцы намнога старэйшае. Хаця і яго сёлета адрамантавалі. Не стала кустоў, на месцы якіх зараз утварыліся невялічкія лужкі. І наогул тут няма ніводнай недагледжанай сядзібы. Адным словам, статус прыгараднай вёскі Падомхі актыўна падтрымліваецца. У многім гэта заслуга старэйшыны, дэпутата Докшыцкага сельскага Савета Мікалая Гільчанкі.

Шэсць год таму ўзначаліць мясцовае самакіраванне яму прапанавала тагачасны старшыня сельвыканкама Ірына Карандзей, калі ўбачыла, як хутка Мікалай Андрэевіч здолеў арганізаваць людзей на замену водаправоднай трубы. Былы армейскі старшы прапаршчык стаў сапраўдным гаспадаром вёскі. Пасля водаправода калектыўнымі намаганнямі вяскоўцы адрамантавалі вежу. Дно ў ёй Мікалай Андрэевіч варыў сам.

Поўнае ўзаемаразуменне ў яго і з сённяшнім старшынёй сельвыканкама Анатолем Сценнікам. Па вясне сабраліся разам і абгаварылі ўсе моманты па добраўпарадкаванні. Пачалі з суботнікаў, у час якіх вяскоўцы чысцілі могілкі, прыбіралі сметнікі. Старэйшына на ўласным трактары смецце вывозіў. Сумесная работа ўсіх зрабіла гаспадарамі. Зараз кожны сочыць, каб хто не вынес мяшок са смеццем пад суседні куст, а загружаў у трактар, на якім Гільчанка ў апошнюю нядзелю месяца аб’язджае вёску.
Пагаварыў старэйшына з адным вяскоўцам, з другім, і сталі мужчыны платы новыя ставіць, каб прыгажэй было. Праз мясцовых жыхароў Мікалай Андрэевіч адшукаў усіх спадчыннікаў. Многія адгукнуліся, самі навялі парадак на бацькоўскіх сядзібах. На тых, дзе гаспадары так і не з’явіліся, старэйшына з шэфамі з малаказавода касіў траву, абразаў дрэвы. Такім чынам, дапамагалі і адзінокім старым людзям.

У выніку атрымалася чыстая, прыгожая вёска, у якой прыемна жыць самому і не сорамна везці любых гасцей. Хутка яна будзе і газіфікавана. Арганізаваны Гільчанкам спажывецкі кааператыў аб’ядноўвае 26 жыхароў, якія пажадалі мець гарадскі камфорт у сваіх дамах.

НА ЗДЫМКУ: старэйшына вёскі Падомхі М.А. Гільчанка.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *