Дневным сторожем на молочно-товарной ферме «Берёзки» работает Дмитрий Насенник

IMG_9052Дзмітрый Насеннік (на здымку) – дзённы вартаўнік на малочна-таварнай ферме “Бярозкі” КУГСП імя Чэрныша. Хлопец вучыўся ў Смалявіцкім ліцэі №204, дзе атрымаў спецыяльнасць механізатара-слесара. У хуткім часе зразумеў, што да тэхнікі душа яго не ляжыць. Даглядаць жывёлу, як яму падаецца, справа больш цікавая і ўдзячная – усё ж такі гэта жывыя істоты, якім патрэбны і клопат, і ласка. Усіх сваіх падапечных Дзіма любіць (як, дарэчы, і яны яго – гэта адразу бачна) і ведае, калі можна так сказаць, “у твар”, а іх больш за паўтары сотні! А вось па мянушках – саромеецца – яшчэ не ўсіх запомніў.

– Мне мая работа падабаецца і зусім не здаецца цяжкай: такі ж, як і ў арганізацыях і на прадпрыемствах, васьмігадзінны рабочы дзень. Калі ўсё выконваць своечасова і акуратна, па-гаспадарску, то і працаваць нескладана, і часу на адпачынак дастаткова.

Сапраўды, Дзмітрый на ферме з васьмі да сямнаццаці гадзін, ёсць выхадны. У абавязкі вартаўніка ўваходзіць раздача кармоў, вады, дэзінфекцыя, падтрыманне чысціні і парадку ў памяшканні. Таксама хлопец дастаткова прафесійна прымае ацёлы. Працуе Дзмітрый, па словах галоўнага заатэхніка Марыі Сухарэвіч, без заўваг і нараканняў, адказны, працавіты, шчыры, спагадлівы і вельмі сціплы. У калектыве яго ўсе апякаюць як “самага маленькага” і перажываюць за далейшы лёс: хлопцу ўжо пара жаніцца, а вось з дзяўчатамі ў вёсцы не вельмі.
– Хвалюемся, каб не “звяла” якая дзяўчына ў іншую гаспадарку, – смяецца загадчыца фермы Зоя Валасевіч і дадае, ужо сур’ёзна: – Такі работнік самім патрэбны.

Алена Несцяронак.
Фота А. Варанковіча.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *