Гаварыць па-беларуску – уласная ініцыятыва старшага касіра Докшыцкай аўтастанцыі

Изображение 104«Добрай раніцы, паважаныя пасажыры!» — кожны дзень, у восем гадзін, гучыць з дынамікаў звонкі голас старшага касіра Зоі Казлёнак. Ён добра знаёмы ўсім, каму часта даводзіцца наведваць аўтастанцыю ў Докшыцах, каб набыць білет, крыху пачакаць патрэбнага аўтобуса. Хтосьці едзе на работу ці з работы, хтосьці – па нейкіх справах, за пакупкамі або на спатканне з каханай дзяўчынай… Гэты голас жыхары Докшыцкага раёна пазнаюць, як пазнавалі ў былым Савецкім Саюзе голас Юрыя Левітана. Пасажыры ж, якім у нашым раёне даводзіцца пабываць праездам, заўважаюць з прыемным здзіўленнем, што рэйсы аб’яўляюцца на добрай беларускай мове – гэта ў наш час, на жаль, вялікая рэдкасць. Гаварыць па-беларуску – уласная ініцыятыва Зоі Віктараўны. “Трэба, каб госці нашай краіны адчувалі, што яны знаходзяцца ў Беларусі”, — тлумачыць сваё рашэнне старшы касір. Такая вось, здавалася б, дробязная адметнасць выгадна вылучае докшыцкую аўтастанцыю сярод дзясяткаў іншых, “рускамоўных”.

Гэта прыгожая, абаяльная, яркая і энергічная жанчына аддала працы на Докшыцкім участку ААТ “Аўтапрадпрыемства №14” г. Лепель ААТ “Віцебскаблаўтатранс” трыццаць два гады! Сямнаццаць з іх адпрацавала ў службе кантролю, на пасадзе старшага касіра – пятнаццаты год. Ураджэнка Докшыцкага раёна, Зоя Казлёнак не стала шукаць шчасце “за морам”, назаўсёды звязала свой лёс з малой радзімай. Тут яе дом, сям’я, сябры і любімая работа.

– З радасцю адчыняю раніцай дзверы агульнага ўтульнага кабінета. Наш маленькі калектыў (чатыры касіры, дзве прыбіральшчыцы) вельмі дружны, за шмат гадоў сумеснай працы мы сталі проста роднымі людзьмі, дзелімся радасцямі і праблемамі, дапамагаем адзін аднаму. Задаволены таксама ўвагай і падтрымкай адміністрацыі – дырэктара А.С. Курдзекі і начальніка філіяла М.М. Казімірчыка. І яшчэ вельмі прыемнае ў нашай рабоце – словы ўдзячнасці, якія чуем шмат разоў на дзень, – распавядае Зоя Віктараўна. – Ведаеце, мы ганарымся, што ў нашай кнізе скаргаў і прапаноў няма ніводнага наракання, толькі падзякі. Гэта таму, што кожны адносіцца да сваёй працы неабыякава, з душой, кожны на сваім месцы ўжо многа гадоў. Гэта і касір па прыёме выручкі Ларыса Шаура, якую днямі мы віншавалі з 55-гадовым юбілеем, і касір Зоя Зданоўская, і прыбіральшчыца Валянціна Буяльская, якая на пенсіі працуе ўжо пятнаццаць гадоў, і нашы вадзіцелі – у большасці з іх салідны стаж работы і вышэйшая катэгорыя.

Абавязкаў у старшага касіра шмат. Гэта вядзенне неабходнай дакументацыі, афармленне пуцявых лістоў вадзіцелям, аб’яўленне рэйсаў (наша гераіня не прапускае ніводнага, асабліва хвалюецца, каб пажылыя людзі своечасова трапілі на патрэбны), адказы на даволі частыя тэлефонныя званкі, улік рабочага часу і многае іншае. З усім Зоя Віктараўна спраўляецца хутка і якасна, а яе звонкі голас і заўсёдная ўсмешка падымаюць настрой і вадзіцелям, і пасажырам.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
НА ЗДЫМКУ: Зоя Казлёнак на сваім рабочым месцы.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *