Коллектив Департамента охраны отметил 80-летие ветерана милиции

DSCN2827Ветэранская арганізацыя Дэпартамента аховы на чале са старшынёй, былым начальнікам Леанідам Гамановічам, вядзе несупынную работу не толькі па падтрымцы ветэранаў службы, але і па злучэнні сталага і маладога пакаленняў. Адным з сувязных звёнаў у гэтым з’яўляецца правядзенне мерапрыемстваў, прымеркаваных да розных святаў, у лік якіх уваходзяць юбілеі супрацоўнікаў.

Не так даўно ўсім калектывам адзначылі 80-годдзе ветэрана міліцыі Вікенція Садоўскага. Вечар-партэт, які падрыхтаваў старшыня ветэранскай арганізацыі, сабраў у банкетнай зале ККЗ “Іскра” родных і блізкіх юбіляра.

Вікенцій Барысавіч нарадзіўся ў вёсцы Чарніца. Скончыў восем класаў і ўладкаваўся на працу ў леспрамгас. Адтуль ён прызваўся ў армію: войска МУС у Львове. Пасля дэмабілізацыі так і застаўся служыць ва ўнутраных справах. Сэрца цягнула на маленькую радзіму, і ў 1982 годзе ён перавёўся ў Докшыцкі РАУС. У хуткім часе трапіў у ахову, дзе і праслужыў да выхаду на пенсію. За 38 гадоў працоўнага стажу зарэкамендаваў сябе як добрасумленны супрацоўнік, за што быў неаднаразова заахвочаны.

На святочным вечары ветэран пачуў шмат добрых слоў, атрымаў каштоўныя падарункі, а яшчэ яму паабяцалі ў бліжэйшы час пафарбаваць дом, у якім ён пражывае. І гэта не адзіны прыклад дапамогі ветэранскай арганізацыі сваім былым супрацоўнікам.

– Мы вельмі ўдзячны ўсім, хто арганізаваў гэта свята, – выступіла на юбілеі дачка імянінніка Ала Кіт, якая вось ужо адзінаццаць гадоў пражывае ў Германіі. – Кожны год мы стараемся прыехаць да бацькі і заўсёды чуем пра тое, якую дапамогу аказала ветэранская арганізацыя Дэпартамента аховы менавіта яму. Асабліва хочацца адзначыць работу Леаніда Гамановіча, які заўсёды знаходзіць час, каб і ў справах дапамагчы, і проста пагутарыць. Шмат год наша сям’я жыла на Украіне, цяпер – у Германіі, але вельмі любім Беларусь. Нам ёсць з чым параўнаць жыццё людзей у вашай краіне: тут як нідзе паважаюць сталасць, ёсць пераемнасць пакаленняў. Беларусы чуллівыя, сардэчныя, добразычлівыя.

Шмат цёплых слоў пачуў на сваім свяце Вікенцій Барысавіч і ад начальніка Дэпартамента аховы Аляксандра Палідаўца, а таксама членаў ветэранскай арганізацыі і маладых супрацоўнікаў.

На мерапрыемстве гучала шмат музыкі. Свае выступленні юбіляру дарылі салісты хору ветэранаў “Залатыя гады” Алена Герасімёнак, Галіна Галавач, Віктар Курнушка. Папуры з вясёлых сучасных мелодый на акардэоне прагучала ў выкананні Леаніда Гамановіча.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *