Наталья Крук — одна из призёров районного конкурса «Учитель года-2014»

2   Наталля Крук любіць гісторыю і дзяцей, якім выкладае гэты прадмет. Каб падкрэсліць адметнасць настаўніцы, яе несумненны педагагічны талент, калегі называюць Наталлю Мар’янаўну настаўнікам ад бога. Сёлета ёй выпаў шанц пацвердзіць сваю вызначальнасць. Крук выйшла пераможцам раённага конкурсу “Настаўнік года¬-2014” і затым прадстаўляла наш раён на абласным конкурсе. Прызёрам яна не стала, але толькі таму, што, як падкрэсліў на падвядзенні вынікаў дырэктар інстытута развіцця адукацыі, на жаль, настаўнік базавай школы не можа прадстаўляць вобласць на рэспубліканскім конкурсе. Таму ў фінал прайшлі два настаўнікі з Віцебска і Оршы.
– Наталля Крук дастойна абараніла гонар раёна, – зазначыла метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі Марыя Кушчак. – Яе работа на конкурсе была адзначана журы. Больш ніхто з тых канкурсантаў, якія не прайшлі ў фінал, такога гонару не меў. Гэта адзін з лепшых настаўнікаў гісторыі ў раёне. Таму пасяджэнні раённага метадычнага аб’яднання гісторыкаў не раз праходзілі ў Гарадзішчанскай школе.
На раённым, а потым і на абласным конкурсах настаўніца дэманстравала цудоўнае веданне прадмета, дасканалае валоданне методыкамі выкладання, уменне вельмі хутка знаходзіць агульную мову з незнаёмымі дагэтуль вучнямі. Майстар-клас яна паказвала ў 7-м класе адной з віцебскіх школ, у час якога вызначала з дзецьмі змены, што адбываліся ў ВКЛ у 15 стагоддзі. Самым складаным было для сельскага настаўніка, у класе якога дома 3 – 4 вучні, авалодаць увагай, выклікаць інтарэс да таго, што ён робіць, у больш за 20 эрудзіраваных, умеючых вольна паводзіць сябе дзяцей. Гэты бар’ер яна “ўзяла” вельмі хутка і паспяхова. Пасадзейнічалі добразычлівасць, любоў і павага да дзяцей, якія бачны ў кожным слове і жэсце педагога. Для прадстаўлення візітоўкі спатрэбіўся талент творчага чалавека, які піша вершы і актыўна ўдзельнічае ў мастацкай самадзейнасці.
Для конкурсу шмат патрабавалася матэрыялаў як на папяровых, так і на відэа носьбітах. Гэта і портфоліа, і відэаўрок з візітоўкай. Асіліць тэхнічны бок справы дружна дапамагалі калегі са школы. Наталля Мар’янаўна адзначае асабістую дапамогу Марыі Кушчак, настаўніцы гісторыі Докшыцкай СШ № 1 Вольгі Калбасіч, дырэктара Гарадзішчанскай школы Пятра Катэйкі, яго намесніка Людмілы Янкавіч і ўсіх астатніх, хто дапамагаў ёй змагацца за перамогу. І няхай яна не вызначана месцам, але Наталля засталася вельмі задаволена ўдзелам у конкурсе. Гэта адукаваная з высокім інтэлектуальным патэнцыялам настаўніца да ўсяго яшчэ набыла той бясцэнны вопыт, які не магла атрымаць у малакамплектнай школе. Яна праверыла свае сілы і яшчэ раз упэўнілася, што некалі абсалютна правільна выбрала сабе прафесію.
Ужо не навіна, што Гарадзішчанская школа, у якой акрамя Крук, працуюць таксама прызёры раённых конкурсаў Марыя Парневіч, Людміла Янкавіч і іншыя таленавітыя настаўнікі, стаіць на парозе закрыцця. Членамі якіх іншых калектываў стануць гэтыя педагогі? Хочацца думаць, што раён іх не страціць, і разумнае, добрае, вечнае яны па-ранейшаму будуць “сеяць” на Докшыччыне.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: “Настаўнік года — 2014” Н.М. Крук.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *