Коллектив отдела принудительного исполнения Докшицкого района справил новоселье

IMG_7435Калектыў аддзела прымусовага выканання Докшыцкага раёна, якім кіруе Вікторыя Аўрыйцэвіч, справіў наваселле ў адрамантаваным памяшканні былой сярэдняй школы па вул. Школьнай. Дагэтуль названая арганізацыя месцілася ў будынку суда. На цырымонію ўрачыстага адкрыцця прыбыло шмат гасцей.

– Невялікі калектыў, у якім працуюць 3 судовыя выканаўцы і 2 справаводы, выконвае вялікую і вельмі важную работу, – зазначыў начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Сяргей Канапелька, які даў высокую ацэнку іх дзейнасці. – За 8 месяцаў бягучага года ў аддзел паступіла 4281 выканаўчая вытворчасць. З гэтай колькасці за названы час завершана 3871. Гэта значыць, што кожны дзень адзін работнік у сярэднім “закрываў” па 8-9 выканаўчых вытворчасцей. Нагрузка вельмі вялікая і намнога вышэйшая за сярэднеабласны паказчык. Пра якасць работы сведчыць той факт, што толькі на 6 працэнтаў ад усёй колькасці закончаных выканаўчых вытворчасцей складзены акты аб немагчымасці спагнання грашовых сродкаў. На карысць жа дзяржавы, фізічных і юрыдычных асоб спагнана каля 2 мільярдаў рублёў.

З наваселлем віноўнікаў урачыстасці павіншаваў таксама старшыня райвыканкама Алег Пінчук, які выказаў спадзяванні, што і надалей судовыя выканаўцы будуць актыўнымі памочнікамі мясцовай улады ў рабоце з так званымі абавязанымі асобамі і іншымі парушальнікамі закона.

Пасля таго, як была разрэзана сімвалічная стужка, госці прайшлі па памяшканнях офіса, сярод якіх рабочыя кабінеты, пакой для адпачынку, санвузел і іншыя. Рамонт якасна і тэрмінова правёў філіял № 1 РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, які выйграў на гэты аб’ект тэндар.

Па словах Сяргея Канапелькі, які падзякаваў старшыні райвыканкама за дапамогу ў пошуку адпаведнага памяшкання для размяшчэння аддзела, стварэнне належных умоў для плённай дзейнасці службы прымусовага выканання адпавядае судовай рэформе 2014 года. Людзі ў пагонах, якія служаць закону, павінны мець асобнае памяшканне, усе віды сувязі, патрэбную аргтэхніку і транспарт. Таму ў дадатак да сімвалічнага ключа ад памяшкання, віноўнікі ўрачыстасці атрымалі яшчэ і падарунак у выглядзе новенькага аўтамабіля.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: С.П. Канапелька з калектывам аддзела прымусовага выканання ля падоранага аўтамабіля.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *