Молодая семья педагогов работает в СШ №1 г. Докшицы

IMG_0382Арцём і Юля Стадольнікі, якіх вы бачыце на здымку, трэці год працуюць у сістэме адукацыі раёна. Лёс звязаў іх не толькі адной прафесіяй, але і вузамі шлюбу: маладыя спецыялісты дзеляць на дваіх і практычныя навыкі ў педагогіцы, і сямейныя клопаты.

– Тое, што мы абодва – настаўнікі, дапамагае ў жыцці, – дзеліцца загадчыца мастацкага аддзела раённага цэнтра дзяцей і моладзі, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Выяўленчае мастацтва” і студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Натхненне” Юлія Васільеўна. – Мы разумеем адзін аднаго з паўслова.

– У першы год працы на абмеркаванне рабочых момантаў трацілася шмат часу, – падтрымлівае размову настаўнік гісторыі Докшыцкай СШ № 1, класны кіраўнік 7 “Б” класа, загадчык школьнага музея І.С. Палявога Арцём Віктаравіч. – Цяпер мы дамовіліся менш гаварыць пра настаўніцкую дзейнасць – кожнаму чалавеку патрэбны адпачынак. Тым больш, што нас аб’ядноўваюць і іншыя агульныя інтарэсы: Юля вучыць мяне тварыць, а я яе – гуляць у шахматы.

Юля нарадзілася ў Глыбокім у сям’і ветэрынараў, але пайшла па слядах сваёй бабулі, якая была настаўніцай пачатковых класаў. З дзяцінства захаплялася мастацтвам – марыла расфарбаваць свет у яркія колеры, і каб ад гэтага людзі на зямлі сталі больш вясёлымі і шчаслівымі. Пасля заканчэння школы паступіла ў Дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава на мастацка-графічны факультэт. Цяпер сваё асаблівае бачанне свету яна перадае маленькім мастакам, дапамагае раскрыццю іх таленту.

Арцём скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Малады мужчына – з вядомай у нашым раёне настаўніцкай сям’і Стадольнікаў: яго бацька і маці прысвяцілі сябе сістэме адукацыі раёна. Віктар Юльянавіч пэўны час працаваў дырэктарам школы. Менавіта ён і натхніў некаторых сваіх дзяцей (а іх у яго пяцёра) на педагагічную дзейнасць. Бацька і сёння застаецца настаўнікам ва ўсім.

– У складаных сітуацыях я думаю пра тое, як бы паступіў ён, – расказвае Арцём. – Тата з дзяцінства вучыў нас самім знаходзіць выйсце з любой сітуацыі. Я лічу, што гэта мудра. Сваім жа вучням я прапаную ўспомніць тыя ці іншыя гістарычныя прыклады, якія могуць дапамагчы вырашыць надзённыя праблемы. Так урок гісторыі ператвараецца ў нас у псіхалогію жыцця, калі можна так сказаць.

Пазнаёміліся маладыя людзі ў агульных сяброў, калі вучыліся на першым курсе. З таго часу падтрымлівалі адносіны. Каханне аказалася сапраўдным, бо вытрымала адлегласць паміж Віцебскам і Мінскам і пяць гадоў вучобы. На чацвёртым курсе Арцём удзельнічаў у конкурсе “Супермэн”, які праводзіўся паміж юнакамі інтэрната БДУ. Юлю запрасілі на мерапрыемства для падтрымкі. Якім жа было яе здзіўленне, калі ў конкурсе “Прызнанне ў каханні” Арцём зрабіў ёй прапанову рукі і сэрца. Адбылося гэта ў лютым, а летам маладыя людзі сыгралі вяселле. Сёлета яны адзначылі тры гады сумеснага жыцця.

Будні маладой сям’і Стадольнікаў праходзяць у агульных клопатах: яны разам складаюць планы работы і распрацоўваюць мерапрыемствы. У выхадныя амаль ніколі не сядзяць дома – часцей падарожнічаюць па родным краі, сустракаюцца з сябрамі.

Для сям’і Стадольнікаў настаўніцкая дзейнасць стала ладам жыцця. І калі пра прафесіяналізм гаварыць яшчэ рана, то давяральныя адносіны на ўроках і цікавасць хлопчыкаў і дзяўчынак да прадметаў – вынік таго, што маладыя людзі знаходзяцца на сваім месцы.

Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *