На якія льготы можа разлічваць шматдзетная сям’я

DSC_0198У нашай краіне быць шматдзетнай сям’ёй пачэсна. З боку дзяржавы яна адчувае клопат і матэрыяльную падтрымку. Пра тое, якія льготы прадстаўляюцца сёння шматдзетным сем’ям у  Рэспубліцы Беларусь, наша інтэрв’ю з начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Аленай Тулоўскай.

– Алена Аляксееўна, хто мае права ў нашай краіне прэтэндаваць на статус шматдзетнай сям’і?

– У адпаведнасці з арт. 62 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, шматдзетнай лічыцца тая, у якой на ўтрыманні і выхаванні знаходзяцца трое і больш дзяцей ва ўзросце да 18 год. Пацвярджэннем статуса з’яўляецца пасведчанне, якое выдаецца райвыканкамам. У нашым раёне на сённяшні дзень значыцца 278 шматдзетных сем’яў.

– Для такіх сем’яў многа значыць жыллё, у якім бы камфортна адчувалі сябе дзеці. На якую падтрымку з боку дзяржавы ў гэтым пытанні могуць разлічваць іх бацькі?

– Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 13 “Аб некаторых пытаннях прадстаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) ці набыцці жылых памяшканняў” дае шматдзетным сем’ям першачарговае права на атрыманне аднаразовых субсідый або льготных крэдытаў тэрмінам на 40 год пад 1 працэнт гадавых.
Фінансавая дапамога прадстаўляецца і ў пагашэнні запазычанасці па гэтых крэдытах у парадку, устаноўленым Саветам Міністраў РБ: пры наяўнасці трох непаўналетніх дзяцей – 75 працэнтаў ад сумы, чацвёра і больш дзяцей – 100 працэнтаў ад сумы запазычанасці.

Дзяржава аказвае таксама фінансавую падтрымку ў памеры 50 бюджэтаў пражытачнага мінімуму пры нараджэнні трэцяга дзіцяці і наступных; двойні: на адно – 20, на другое – 40 бюджэтаў; калі да яе нараджэння ў сям’і ўжо было дзіця, то на першае з двойні выдзяляецца 40, на другое – 50 бюджэтаў; калі было двое і больш дзяцей, то на кожнае дзіця з двойні – па 50 бюджэтаў. Калі нараджаецца тройня, то на першае дзіця выдзяляецца – 20 бюджэтаў, на другое – 40, на трэцяе – 50 бюджэтаў. Калі дагэтуль у сям’і ўжо было дзіця, то адно дзіця з тройні атрымлівае 40 бюджэтаў, а другое і трэцяе – па 50. Такая ж сума выдзяляецца на кожнае з іх, калі да іх нараджэння ў таты з мамай было двое і больш дзяцей.

Каб атрымаць фінансавую падтрымку, трэба стаяць на ўліку па паляпшэнні жыллёвых умоў, мець або нарадзіць дзяцей у перыяд пагашэння запазычанасці па крэдытах (за выключэннем ільготных) на будаўніцтва, рэканструкцыю, набыццё жылля.

– Якія сем’і маюць права на сацыяльнае жыллё?

– Тыя, якія значацца на ўліку і маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. А таксама жанчыны, якія носяць званне “Маці-гераіня”, узнагароджаныя ордэнам Маці, ордэнам “Мацярынская слава”, медалём “Медаль Мацярынства”. У іх сем’ях сярэднямесячны агульны даход на кожнага члена не павінен перавышаць зацверджаны бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, налічаны за 12 месяцаў, якія папярэднічалі месяцу пастаноўкі на ўлік. Кошт заяўленай маёмасці, якой яны валодаюць, не павінен перавышаць кошт тыповай кватэры.

– Якія яшчэ дзяржаўныя льготы могуць станоўча паўплываць на фарміраванне бюджэту шматдзетных сем’яў?

– Ад налічэння падаходнага падатку з фізічных асоб вызваляюцца даходы, атрыманыя маладымі і шматдзетнымі сем’ямі, якія стаяць на ўліку па паляпшэнні жыллёвых умоў, ці на ім жа на час атрымання фінансавай падтрымкі дзяржавы для пагашэння запазычанасці па жыллёвым крэдыце.

Бацькам, якія маюць двух ці больш непаўналетніх дзяцей ці дзяцей-інвалідаў, прадстаўляецца стандартнае падатковае вылічэнне ў памеры 410 тысяч рублёў на кожнае дзіця раз у месяц.
Ад налічэння падатку на нерухомасць вызваляюцца пабудовы, машына-месцы, зямельнага падатку – зямельныя ўчасткі. Шматдзетныя маці не аплачваюць дзяржпошліну, калі здзяйсняюць натарыяльныя дзеянні. Плата за расход вода-, газа- і электрапаслуг, у тым ліку і звышнарматыўны, налічваецца па тарыфе з прымяненнем субсідый. Зніжаюцца для гэтай катэгорыі і памеры стаўкі адзінага падатку.

Дзеці са шматдзетных сем’яў забяспечваюцца бясплатным харчаваннем пры атрыманні агульнай сярэдняй, спецыяльнай і вышэйшай адукацыі пры ўмове засваення імі адукацыйных праграм. Плата за харчаванне дашкольнікаў, якія выхоўваюцца ў дзіцячых садках-яслях зніжаецца на 50 працэнтаў, на столькі ж – за карыстанне школьнымі падручнікамі і наогул не бярэцца з дзяцей, якія займаюцца ў дзіцячых школах мастацтваў.

Нельга не ўспомніць і 10 тысяч долараў ЗША, так званага “сямейнага капіталу”.

– Бацькі, якія выхоўваюць шмат дзяцей, безумоўна, заслугоўваюць самай вялікай павагі. Але ў падобных сем’ях усё ж такі асноўная нагрузка па вырашэнні бытавых праблем кладзецца на плечы жанчын. Як дзяржава адзначае мацярынскі подзвіг?

– У першую чаргу хачу адзначыць, што жанчыны, якія нарадзілі і выхавалі пяць і больш дзяцей узнагароджваюцца ордэнам Маці. Ім, а таксама тым, хто нарадзіў і выхаваў дзевяць і больш дзяцей і ўзнагароджаны медалём “Медаль Мацярынства”, ордэнамі Маці, “Маці-гераіня”, “Мацярынская слава” ўстанаўліваецца пенсія за асаблівыя заслугі.

Жанчыны, якія нарадзілі пяць і больш дзяцей і выхавалі іх да 8-гадовага ўзросту, маюць права на пенсію па ўзросце па дасягненні 50 год (а таксама тыя, у каго да гэтага часу пятае дзіця не дасягнула 8 год) і пры стажы работы не менш за 15 год. Калі выхавалі дзяцей да 16 год і працавалі ў сельскагаспадарчай вытворчасці не менш за 10 год (час догляду за дзецьмі не ўлічваецца) могуць выходзіць на пенсію незалежна ад узросту.

Аднаму з бацькоў, роднаму ці няроднаму, апекуну, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ці траіх і больш дзяцей ва ўзросце да 16 год, па іх пісьмовай заяве прадстаўляецца адзін дадатковы вольны ад работы па месцы працы дзень на тыдні з аплатай у памеры сярэдняга дзённага заробку і на ўмовах, якія вызначаюцца органамі дзяржаўнага кіравання ў галіне працы.
Існуюць і іншыя льготы і гарантыі, прадугледжаныя дзяржавай для шматдзетных сем’яў. Больш падрабязную інфармацыю па іх можна атрымаць непасрэдна ва ўпраўленні або па тэлефоне: 2-11-94. За канкрэтнымі звесткамі па асобных галінах можна звярнуцца таксама ў аддзелы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, падатковую інспекцыю, ЦБП № 216 г. Докшыцы ААТ “ААБ Беларусбанк”.

– Дзякуй за інтэрв’ю.

Гутарыла
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *