Прагаласавалі за Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

IMG_8743У Беларусі адбыліся выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 11 кастрычніка стаў асноўным днём галасавання. Нашы карэспандэнты наведалі ў гэты час некаторыя ўчасткі для галасавання, якія адкрыліся ў  8 гадзін.

З самай раніцы на іх назіралася ажыўленне. Першымі спяшаліся аддаць свой голас, як найбольш дысцыплінаваныя, людзі старэйшага пакалення. Крыху пазней выбаршчыкі пачалі ісці з дзецьмі, сем’ямі. Дзмітрый і Святлана Марчанкі ўзялі з сабой на ўчастак для галасавання № 3, што размясціўся ў адміністрацыйным будынку ПМК-52 у райцэнтры, сына і дачушку. Ромку нават даверылі апусціць бюлетэнь у ўрну (на здымку), чым хлопчык быў вельмі задаволены.

– Мы ніколькі не сумняваліся, ісці ці не на выбары, – сказаў галава сям’і, – бо нас цікавіць, як будзем жыць далей мы і нашы дзеці.

Арганізатары выбарчай кампаніі пастараліся ператварыць галасаванне ў свята. На сталах членаў выбарчых камісій стаялі кветкі, гучала музыка. Самадзейныя артысты давалі невялікія канцэрты. Працавалі буфеты з шырокім разнастайным асартыментам.

Выбары праходзілі ў спакойнай абстаноўцы, з вялікай актыўнасцю з боку выбаршчыкаў. За іх ходам сачылі айчынныя і міжнародныя назіральнікі. Прадстаўнікі ад АБСЕ з Ірландыі і Іспаніі наведалі больш за дзесяць участкаў для галасавання. На некаторых былі ў суботу і нядзелю, прысутнічалі падчас пачатку і заканчэння іх работы.

***

Изображение 096Грамадзянская актыўнасць выбаршчыкаў участка для галасавання № 12 у аграгарадку Валкалата, як заўсёды, аказалася высокай: аддаць свой голас за будучага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь выказалі жаданне практычна ўсе жыхары Валкалацкага сельсавета (99 працэнтаў). Датэрмінова прагаласавалі 213 з 729 выбаршчыкаў, якія ўключаны ў спіс участка. Першым свой грамадзянскі абавязак выканаў пенсіянер Франц Падрэз. Самы ж пік галасавання прыпаўся на перыяд з 8.30 да 13 гадзін.

– Выбары праходзяць у адпаведнасці з дэмакратычнымі прынцыпамі, без парушэнняў, – выказалі сваё меркаванне назіральнікі ад Садружнасці незалежных дзяржаў Дзмітрый Смірноў і Людміла Сотнік. Ацэньваючы ход выбарчай кампаніі, яны адзначылі таксама высокую актыўнасць выбаршчыкаў, выдатную арганізацыю выбарчага працэсу на ўчастку, наладжаную службу праваахоўных органаў, медыкаў, прадуманае афармленне выбарчага пакоя, дзелавую і адначасова святочную атмасферу. Спадабалася нашым гасцям таксама і выступленне народнага ансамбля “Прызбачка”.

Урачыстасці выбарчаму працэсу дадала і цырымонія віншавання тых, хто галасаваў упершыню. Выпускнікі Маладзечанскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Сяргей Аніка і Сяргей Мяховіч (на здымку) з удзячнасцю прынялі віншавальныя паштоўкі ад Цэнтральнага выбарчага камітэта, якія ім уручыў старшыня выбарчай камісіі Пётр Кацейка, і выказалі свае меркаванні наконт значнасці гэтай падзеі:

– Прагаласаваць – гэта грамадзянскі абавязак кожнага чалавека. А моладзі – асабліва. Нам тут жыць, вучыцца, працаваць, ствараць сем’і, выхоўваць дзяцей. І нам не абыякавая будучыня нашай краіны.

Сярод тых, каго члены выбарчай камісіі наведалі па месцы жыхарства ў адпаведнасці з папярэдняй заяўкай, была 103-гадовая Руфіна Бабровіч.

– Хачу, каб у краіне, дзе жывуць мае ўнукі і праўнукі, быў мір, спакой і дабрабыт, – выказалася жанчына.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *