Ученики Барсуковской школы встретились с французом
Дзевяцікласнік Барсукоўскай СШ Дзіма Дранковіч захапляецца творчасцю вядомага французскага спевака Джо Дасэна. І гэта акалічнасць стала першай падставай для самастойнага вывучэння хлопцам французскай мовы, бо ў школе выкладаецца нямецкая. Але, як аказалася, Дзіма не адзіны вучань, якому падабаецца мова трох мушкецёраў. У кампанію да яго далучыліся Каця Уладзімірава і Насця Юковіч. Адміністрацыя Барсукоўскай школы вырашыла падтрымаць цікаўнасць вучняў, якія цяпер з задавальненнем наведваюць індывідуальныя заняткі настаўніцы замежнай мовы Алены Брыкун.
Менавіта яна арганізавала цікавую і незвычайную паездку на Браслаўшчыну, падчас якой вучні змаглі папрактыкавацца ў сваіх ведах французскай мовы. Гэтаму дапамагло знаёмства з сапраўдным французам. Парыжанін Нарбэр – былы выратавальнік, які пасля выхаду на пенсію пачаў падарожнічаць па розных краінах. Праз Сеціва ён выпадкова пазнаёміўся з настаўніцай адной са школ Браслава, а яна аказалася сяброўкай Алены Чаславаўны. І вось другі год Нарбэр з задавальненнем наведвае Беларусь і сустракаецца з вучнямі школ. Сёлета парыжанін захапіў усіх аповедамі пра сваю радзіму, яе традыцыі і звычкі суайчыннікаў, а больш – пра французскую кухню, якая славіцца незвычайным далікатным густам. Каб адчуць сапраўдны смак замежных страў, госць з Парыжу навучыў гатаваць традыцыйны французскі пірог з апельсінамі, які потым з задавальненнем спрабавалі за сяброўскім чаяпіццем. Дзеці засталіся вельмі задаволеныя знаёмствам.
НА ЗДЫМКУ: парыжанін Нарбэр з барсукоўскімі дзецьмі.
Яўгенія ГІЧАНСКАЯ.