Профессиональный праздник отмечает ДРСУ-180 г. Докшицы

АБЗКалектыў ДРБУ-180 сваё прафесійнае свята кожны год сустракае ў клопатах і напружанай працы. Так сталася, што вялікія аб’ёмы работ, якія трэба выканаць у максімальна скарочаныя тэрміны, прыпадаюць якраз на восеньскія месяцы. Калі яшчэ ў жніўні-верасні перад кіраўніцтвам востра стаяла пытанне, дзе б знайсці аб’екты для сваіх падначаленых і як выплаціць ім дастойную заработную плату, то зараз дарожнікі толькі паспяваюць укладвацца ў тэрміны здачы. 

Асноўнымі задачамі для дарожнай службы раёна застаюцца рамонт, будаўніцтва і ўтрыманне дарог.

– На сённяшні дзень наша служба працуе на Крулеўшчынскім участку нафтапрадуктаў, – расказвае начальнік ДРБУ-180 Уладзімір Місачэнка. – Кошт гэтага аб’екта складае больш за мільярд беларускіх рублёў. Працоўная сіла нашых работнікаў запатрабавана таксама і ў новым мікрараёне, што ў вёсцы Будачы, і Бабцах – на будаўніцтве аўтамабільнай стаянкі на АЗС.
Сёлета здалі лясную дарогу, заказчыкам якой выступіў Бярэзінскі біясферны запаведнік, далей плануем заняцца асфальтаваннем двухкіламетровай дарогі ў Дамашкавічах.

Не забываемся, што і на сваёй вытворчай тэрыторыі павінны быць парадак і чысціня. Тры гады таму правялі рамонт адміністрацыйнага будынка і зрабілі добраўпарадкаванне. Зараз стараемся падтрымліваць створанае хараство за кошт асабістых сродкаў, дзякуючы развіццю асноўнай вытворчасці. Ва ўрочышчы “Рабінавік”, дзе сканцэнтраваны кар’ер і асфальтабетонны завод, наладжаны выпуск будаўнічых матэрыялаў, якія карыстаюцца попытам амаль круглы год. Напрыклад, з пачатку гэтага года ад іх продажу мы атрымалі дадаткова 500 млн рублёў. Акрамя гэтага, аказвалі платныя паслугі насельніцтву, ад якіх на рахунак паступала па 30 млн рублёў штомесячна. Пясок і шчэбень былі запатрабаваныя ў мінчан, якія ў Домжарацах, Дамашкавічах і Будславе будавалі дачныя домікі.

У тых здабытках. якія сёння мае ДРБУ-180, вялікая заслуга яго работнікаў. Трэба адзначыць працу галоўнага інжынера Мікалая Сіўко, які на гэтай пасадзе знаходзіцца тры гады. За гэты час ён зарэкамендаваў сябе як прафесіянал сваёй справы. Умела кіруюць важнымі вытворчымі працэсамі майстры брыгад: Вячаслаў Барздыка, Леанід Кашпораў, Іосіф Ючкавіч і Анатолій Шэка. Дасканала ведаюць сваю работу Юрый Будрэвіч і яго сын Максім, браты Мікалай і Анатоль Андрыеўскія, Юрый Далжук, Андрэй Мельнік, Аляксандр Сачына, Сяргей Дорц і Аляксандр Казачонак.

Вялікі стос рознай дакументацыі кожны дзень на сталах у работнікаў вытворчага і бухгалтарскага аддзелаў на чале з Наталляй Уліцкай і Алай Рачыцкай, якія не дазваляюць сабе памыліцца ні ў воднай лічбе.

Напярэдадні прафесійнага свята – Дня аўтамабіліста і дарожніка – жадаю супрацоўнікам, усім, хто клапоціцца пра камфорт і добры настрой, усяго самага найлепшага: моцнага здароўя, аптымізму, сямейнага дабрабыту, поспехаў у справах і добрых умоў надвор’я.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
НА ЗДЫМКУ злева направа: майстар Вячаслаў Барздыка, вадзіцель пагрузчыка Уладзімір Козел, памочнік аператара Юрый Будрэвіч, аператар Аляксандр Сачына і электрык Аляксандр Павялок на асфальтабетонным заводзе.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *