Молодой мастер леса работает в Витуническом лесничестве Докшицкого района

IMG_1138Майстар леса Анастасія Галавешка (на здымку) у Вітуніцкае лясніцтва трапіла па размеркаванні пасля заканчэння Полацкага ляснога каледжа. Дзяўчына прызнаецца, што пасля школы стаяла перад выбарам: ці пайсці па шляху мамы і стаць медработнікам, ці, як калісьці бацька, звязаць сваё жыццё з лясной гаспадаркай. Як ужо зразумела – апошняе перамагло.

Тое, што накіравалі працаваць у невялікі населены пункт, дзяўчыну абсалютна не страшыла. Яна – з Бешанковіцкага раёна, вырасла ў вёсцы і да сельскага жыцця звыклая. Больш таго, нават ніколі не марыла жыць у вялікім горадзе. Свой быт на першым працоўным месцы ладзіць побач з работай, бо пражывае ў пакоі, які знаходзіцца пры лясніцтве. Да работы пакрыху прызвычайваецца, штосьці атрымліваецца добра, дзесьці набіваюцца гузакі вопыту. Яна вельмі ўдзячна бухгалтару Ліне Васюковіч, якая да моладзі адносіцца як шчырая матуля, можа выслухаць і даць параду.

На залішнія забавы ў маладога спецыяліста проста няма часу і жадання. Нахадзіўшыся па лесе, не надта хочацца кудысьці ехаць і ісці. Праўда, у суседнім Бярозкаўскім лясніцтве працуе аднагрупніца Настассі, дзяўчаты ездзяць у госці адна да адной, размаўляюць пра работу, але больш дзеляцца дзявочымі сакрэтамі, любяць паглядзець новыя фільмы. Калі казаць пра недалёкую будучыню, то Анастасія марыць атрымаць і вышэйшую профільную адукацыю, але абавязкова на завочным аддзяленні, каб падоўгу не знаходзіцца ў вялікім горадзе, мітусню якога дзяўчына ўспрымае як пакуту. Жыць жа яна хоча на вёсцы, нават пра тое, каб завесці якую гаспадарку, разважае на поўным сур’ёзе.

Усе мы стаім перад выбарам працоўнага шляху, і вельмі добра, калі дарогі, на якія ступаем, да спадобы, як гэта атрымалася ў сённяшняй гераіні.

Тэкст і фота
Наталлі НАВІЦКАЙ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *