С песней по жизни идёт Галина Прудник из деревни Осиновик Докшицкого района

Изображение 161Галіна Пруднік з вёскі Асінавік (на здымку), што ў Бярозкаўскім сельсавеце, спявае ўсё жыццё, колькі сябе памятае. Вакальныя здольнасці перадаліся ад бацькоў – яны мелі добры слых і моцныя, прыгожыя галасы. Як вядома, калі хочаш нешта прывіць дзіцяці, нечаму яго навучыць, рабі гэта ў першую чаргу на ўласным прыкладзе. Хіба ж магла не палюбіць песні малая Галінка, калі яны заўсёды гучалі ў роднай хаце?

– Так і пайшла з песняй па жыцці, – смяецца Галіна Іванаўна. – У школе была самай актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці: ні адно свята, ні адзін канцэрт без мяне не абыходзіліся. І потым, калі ўжо працавала на малочна-таварнай ферме ў саўгасе “Вітунічы”, паштальёнам у мясцовым паштовым аддзяленні, заўсёды знаходзіла час для рэпетыцый у Вітуніцкім Доме культуры. Успаміны пра гэтыя гады ў мяне вельмі цёплыя, прыемныя, радасныя: весела тады жылося.

Сапраўды, жанчыне ёсць што ўспомніць: сябровак па сцэне, мастацкіх кіраўнікоў, шумныя, вясёлыя рэпетыцыі, шматлікія канцэрты, з якімі выступалі не толькі дома, але і ездзілі па раёне, конкурсы, агляды мастацкай самадзейнасці. Галіна Іванаўна спявала і спявае самыя розныя песні: і народныя, і рамансы, і эстрадныя. Спадабаецца якая – абавязкова вывучае, запамінае ўсе словы. Даводзілася ёй выступаць і ў вакальнай групе, і ў дуэтах, і сольна. Атрымлівала вялікае задавальненне ад гэтых выступленняў, ад сустрэч з гледачамі, ад зносін з вялікай колькасцю людзей.

Так атрымалася, што Галіна Пруднік сярод людзей была ўсё жыццё: і на сцэне, і працуючы паштальёнам. Гэта сувязь захавалася да сённяшніх дзён: жанчыну выбралі старэйшынай вёсак Асінавік і Забар’е. Яна і на гэтай пасадзе праяўляе сваю заўсёдную актыўнасць і няўрымслівасць. Здавалася б, якія тут клопаты ў старэйшыны, калі ў Асінавіку жыве адзінаццаць чалавек, а ў Забар’і – сем? Як бы не так! Галіна Іванаўна вырашае самыя розныя пытанні сваіх падапечных: то ў кагосьці непаладкі з электрычнасцю, то патрэбна заказаць газавы балон, то “хуткую” выклікаць. Старэйшына арганізавала ўборку мясцовых могілак, чыстку агульнага калодзежа, з якога бяруць ваду амаль усе жыхары Асінавіка. Зусім нядаўна паклапацілася пра афармленне на сацыяльнае абслугоўванне пажылога нямоглага аднавяскоўца.

– Пакуль можаш, трэба старацца самому рабіць сваё жыццё цікавым, насычаным, – пераканана Галіна Пруднік. – Вядома, ёсць яшчэ абставіны, на якія не асабліва паўплываеш, але здавацца нельга. Вось у Вітунічах ужо клуба няма – вельмі крыўдна. Але ж у бібліятэцы працуе творчы, неабыякавы чалавек – Алена Мільчэўская. Яна праводзіць розныя цікавыя мерапрыемствы, сустрэчы. Я не застаюся ўбаку, наведваю: хадзіла ў бібліятэку і ў Дзень пажылых людзей, і Дзень маці адзначалі. Святы ў звыклай будзённасці абавязкова павінны быць. І радасць ад кожнай пражытай хвіліны. Мая радасць – гэта мая сям’я, дзеці, унукі, штодзённыя звыклыя клопаты, цікавыя фільмы, канцэрты, тэлеперадачы, людзі, якія мяне акружаюць… І, вядома ж, добрыя песні.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *