У воспитателя Татьяны Вязниковой из детского сада №4 г. Докшицы творческий подход к работе

DSCN0805У старэйшай групе Докшыцкага ясляў-сада № 4 гамонка ішла на дзевятнаццаць галасоў. У дзяўчынак і хлопчыкаў была свая справа: адны ўкладвалі спаць лялек, другія – будавалі вежы з кубікаў, трэція – малявалі. Нечакана да выхавацелькі, якая чытала для невялічкай групкі дзяцей кніжку, падбег хлопчык са слязьмі:

– Таццяна Міхайлаўна, я згубіў цацку! Не магу знайсці!

– Дзеці, увага! Аб’ява! — тут жа зрэагавала жанчына. — Ад Сярожы збегла цацка! Шукаем разам!
Усе пакідалі свае заняткі і сталі дапамагаць свайму сябру.

– Эфект нечаканасці – вось мой метад работы з малечай, – дзеліцца выхавальніца гэтай групы Таццяна Вязнікава (на здымку). – Дзеці любяць усё казачнае, незвычайнае, таямнічае. Таму творча падыходжу да кожнай сітуацыі, думаю, што гэта і дапамагае наладжваць сяброўскія адносіны.

Маладым спецыялістам прыйшла Таццяна на працу ў садок у 1998 годзе пасля заканчэння Віцебскага педагагічнага ўніверсітэта. Стаць выхавальнікам — гэта была мара дзяцінства. Знайсці сваё месца ў жыцці Таццяне дапамагла маці Соф’я Васільеўна Бурэнь, якая да выхаду на пенсію працавала ў дзіцячым садку № 1. Менавіта сюды бегла маленькая Танечка пасля школы і з цікаўнасцю назірала, як матуля завіхаецца ля малечы. А дома дзяўчынка ўсаджвала мяккіх коцікаў і сабачак на канапу і вучыла іх лічыць і чытаць.

Сёння Таццяна Вязнікава — прафесіянал сваёй справы. Пацвярджэннем гэтаму стала Грамата аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, уручаная на святкаванні Дня настаўніка. Але, як кажа яна сама, добра працаваць у добрым калектыве.

– Мы — адна каманда, — дзеліцца выхавальніца. — Са сваёй памочніцай Аленай Папкоўскай разумеем ужо адна адну па позірках і рухах. Вельмі дапамагае ў рабоце з дзецьмі музычны работнік Лілія Паручнік. Нядаўна мы ўсе разам правялі мерапрыемства да Дня маці. У праграме, акрамя традыцыйных песень і танцаў, выкарыстоўвалі сучасны метад работы з дзецьмі: дэманстравалі музычную прэзентацыю з фатаграфіямі выхаванцаў, зробленымі ў розныя гады. Многія прысутныя бацькі не маглі справіцца з эмоцыямі і паціху выціралі слёзы, бо дзеці заўсёды выклікаюць замілаванне.

Выхавальніку па родзе сваёй дзейнасці трэба быць майстрам на ўсе рукі. Вось і Таццяна Міхайлаўна дзеліцца сваім уменнем у гуртку “Дзіцячае ручное ткацтва”, развівае ў хлопчыкаў і дзяўчынак цікавасць да нацыянальнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Такія заняткі — гэта яшчэ і пальчыкавая гімнастыка для малечы.

У сям’і Таццяны і яе мужа Сяргея, які, дарэчы, з’яўляецца памочнікам ва ўсіх творчых задумах жанчыны, выхоўваюцца двое сыноў: дзевятнаццацігадовы Дзіма і адзінаццацігадовы Вадзім.

– Яны мая надзея і апора, – кажа гераіня аповеду. — Мае мужчыны добра разумеюць, што для мяне значыць мая работа, і заўсёды падтрымліваюць.

На пытанне, дзе яе рай на зямлі, Таццяна Міхайлаўна, не задумваючыся, адказала: “І дома, і на рабоце. Атрымліваецца, што няма ў мяне такога падзелу на там і тут. А ў падзяку маю вясёлы смех сваіх выхаванцаў і цёплыя абдымкі родных”.

Тэкст і фота
Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *