Борисовская поэтесса посетила Докшицы

SAMSUNG DIGITAL CAMERAНа мінулым тыдні, у пятніцу, у чытальнай зале раённай дзіцячай бібліятэкі прайшло цікавае мерапрыемства, арганізатарамі якого сталі рэдакцыя раённай газеты «Родныя вытокі» і раённая бібліятэка. У ім прынялі ўдзел літаратурнае аб’яднанне «Крыніцы» і паэтка з Барысава Лёля Багдановіч. На працягу ўсяго вечара панавала атмасфера цеплыні, шчырасці, узнёсласці і акрыленасці, як гэта звычайна бывае там, дзе гучыць вершаванае слова. Напачатку прысутныя, якіх сабралася ў зале каля 60-ці чалавек, змаглі пазнаёміцца з некаторымі ўдзельнікамі літаратурнага аб’яднання “Крыніцы”, якое плённа працуе пры рэдакцыі раённай газеты ўжо другі год і налічвае ў сваіх радах два дзясяткі паэтаў і празаікаў. Кіраўніком аб’яднання з’яўляецца журналістка Наталля Сташэвіч, а ў яго склад уваходзяць людзі розных прафесій, узростаў, светапогляду і веравызнанняў, якіх сабрала разам любоў да роднай мовы і літаратурнага слова. Свае вершы – філасофскія, лірычныя, грамадзянскія, жартоўныя – прачыталі Віялета Навіцкая, Марыя Януш, Людміла Салянка, Наталля Навіцкая-Сташэвіч, Ірына Сясіцкая. Думаецца, што цёплыя ўсмешкі і дружныя апладысменты гледачоў сталі для аўтараў самай найлепшай узнагародай і натхнілі на стварэнне новых твораў.

Знаёмства з Лёляй Багдановіч пачалося з відэакліпа на песню “Падает снег”, аўтарам слоў якой яна з’яўляецца. Выконвае песню вядомая беларуская спявачка Валянціна Альшанская. Ну а далей паэтка так захапляльна, так шчыра і непасрэдна павяла размову з удзельнікамі сустрэчы, што дзве гадзіны праляцелі як адно імгненне. За гэты час барысаўская госця – абаяльная, прыгожая, не па ўзросце лёгкая, быццам дзяўчына, – змагла прыцягнуць да сябе гледачоў, хутка адшукаўшы шлях да іх сэрцаў дзякуючы адкрытасці, усмешлівасці, аптымізму, прастаце ў зносінах, мілагучнаму голасу. Яе аповед пра творчасць, лёс, каханне, мары і спадзяванні, блізкіх людзей не змог нікога пакінуць абыякавым яшчэ і па той прычыне, што ўвесь час перамяжоўваўся вершамі і песнямі. Так-так, Лёля Багдановіч не толькі дасканала валодае паэтычнымі прыёмамі, але, не ведаючы нотаў, сачыняе яшчэ і музыку да сваіх твораў. Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім – вось яшчэ адзін прыклад, які пацвярджае гэта выслоўе. Лёля Уладзіміраўна выдатна спявае, і ўласныя песні ў яе выкананні – непаўторнае хараство. Будзем спадзявацца, што не толькі “Падает снег” і “Пьяная копна”, а яшчэ шмат іншых песень стануць шырока вядомы слухачам.

Напрыканцы паэтка раздала свае кнігі і буклеты з аўтографамі. Дарэчы, іх не хапіла ўсім жадаючым, і Лёля Багдановіч паабяцала, што яе наведванне Докшыц – не апошняе. Чытачы і прыхільнікі творчасці гэтай самабытнай, таленавітай жанчыны, будуць з нецярпеннем чакаць новай сустрэчы.

Я пакідаю вам пяшчоту сноў,
Пяшчоту рук сваіх
і споведзь вершаў
І абяцаю быць вясёлкай зноў
Пасля таго, як схлыне
лівень першы…

Сапраўды, Лёлю Багдановіч і яе творчасць можна параўнаць з вясёлкай – рознакаляровай, іскрыстай, цёплай, радаснай, казачна прыгожай і вельмі роднай.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

НА ЗДЫМКУ: паэтка Лёля Багдановіч жыве ў Барысаве. Друкавацца пачала ў 1999 годзе. З 2006 года – член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Выдала два паэтычныя зборнікі, а таксама яе вершы ўваходзяць у дзясятак калектыўных зборнікаў. Кіруе Барысаўскім літаратурным аб’яднаннем “Натхненне”, з’яўляецца членам абласнога клуба самадзейных паэтаў і кампазітараў “Жывіца”, які дзейнічае ў Мінску. Праводзіць актыўную работу сярод дзяцей і моладзі, выхоўваючы любоў і павагу да Айчыны, мовы і роднай прыроды.

Комментарии:

Один комментарий для “Борисовская поэтесса посетила Докшицы

  • 23.12.2015 в 8:04 дп
    Permalink

    Добры дзень, мае любыя!!!!!! Вы так хороаша напісалі пра мяне і нашу сустрэчу, што слёзы немагчыма супыніць…Шчыры дзякуй вам, даражэнькія!!!!!! Я вельмі ўдзячна лёсу, што пазнаёмілася з вамі!!!! З надыходзячымі святамі!!!!іЗдароўя вам, шчасця, дабрабыту, цярпення, мае родныя!!!! І грошай, каб ўсё=такі магчыма было неяк існаваць у гэтым складаным жыцці …Запрашайце яшчэ, абавязкова прыеду!!!!! І напрыканцы мой жартаўлівы верш пра сёлетні снежань:

    Навагодні жарт…
    **********************************
    Лупцуе дождж, як звар’яцелы,
    Замест таго, каб падаў снег.
    Мы навагоднія напевы,
    Відаць, пачуем толькі ў сне…

    Не прынясуць нам падарункаў
    Снягурка і дзядусь Мароз —
    Пайшлі ў іншым накірунку
    У ботах цераз сенакос.

    А тут рупліва правяць балем
    Кікімара і Вадзяны.
    Мы іх ля ганку напаткалі
    Ў прыкідзе сёлетняй вясны.

    Не зразумець расклад нам гэткі —
    Заместа снежня красавік…
    Надзенем боты на шкарпэткі
    І апранемся ў дажджавік…
    22.12 — 2015г.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *