Лиза Михмель из Крулевщины является талантливой солисткой

IMG_2772Імя дзесяцікласніцы Лізаветы Міхмель (на здымку) вядома не толькі ў Крулеўшчынскай школе. Дзяўчына – пастаянная ўдзельніца шматлікіх раённых конкурсаў. Яна салістка Крулеўшчынскага Цэнтра культуры і вольнага часу, выхаванка студыі “Зоркапад”, кіраўніком якой з’яўляецца Алеся Палякова. Здаецца, што пасля столькіх пахвальных слоў можна з лёгкасцю атрымаць “зоркавую хваробу”. Але гэта не пра Лізу. Сціплая дзяўчына ў гутарцы больш гаварыла пра родных, сяброў і настаўнікаў.

– Захапленняў у мяне шмат, – расказвае гераіня артыкула, – але рэалізаваць іх было б немагчыма без паразумення навакольных. Самыя жаданыя словы падтрымкі – ад маіх бацькоў і старэйшай сястры. Я вельмі ўдзячна ім менавіта за шчырасць: чалавек павінен ведаць не толькі свае плюсы, але і мінусы, каб з улікам іх вучыцца далей. Пасля выступленняў і сам адчуваеш, што можна было зрабіць лепш, каб не памыліцца ў наступны раз.

Ліза не толькі выконвае музычныя творы, яна іх да ўсяго і піша. Здольнасці да гэтага ў яе праявіліся яшчэ пры навучанні ў школе мастацтваў.

– Яе інструментальныя імправізацыі спакойныя і душэўныя, яны насычаны пазітыўнымі ноткамі і прымушаюць усміхацца, – так ахарактарызавала творчасць сваёй падапечнай Алеся Палякова. – Ліза вельмі таленавітая і музыкальная. У выкананні песень яна да мурашак па скуры ўмее эмацыянальна верна перадаць вобраз. З ёй добра працаваць, бо яна добрасумленная, адказная і камунікабельная дзяўчынка.

А вось для Лізы яе музычны кіраўнік даўно стаў кумірам, настаўнікам і сябрам.

Лізавета любіць чытаць і піша вершы. На яе думку, кнігі – гэта лепшае, што прыдумаў чалавек, гэта вялікі скарб. Яны даюць не толькі веды, але і фарміруюць фантазію, дапамагаюць складаць паэтычныя радкі. Дарэчы, на фестывалі “Моладзь за здаровы лад жыцця”, які прайшоў не так даўно, Ліза Міхмель была ўзнагароджана дыпломам за першае месца ў паэтычным конкурсе.

У Лізаветы ёсць некалькі правілаў, з якімі яна ідзе па жыцці. Першае: ніколі не разважай, што было б “калі б…” Дзяўчына жыве сённяшнім днём і з кожнай крытычнай сітуацыі спрабуе знайсці выйсце сама. Другое: заўсёды старайся прыйсці на дапамогу. Не важна каму – родным, сябрам ці незнаёмаму чалавеку, бо, дапамагаючы іншаму, дапамагаеш сабе. І, напэўна, самае галоўнае: Ліза прытрымліваецца матулінай парады – быць дастойнай ва ўсім.

Тэкст і фота Яўгеніі ГІЧАНСКАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *