Жители деревни Лапуты Докшицкого района гордятся своей старейшиной

DSC00441Пра старэйшыну вёскі Лапуты ў рэдакцыю паведамілі самі вяскоўцы. Яны палічылі, што справы Валянціны Казачэнка дастойны таго, каб пра іх ведалі ў раёне. Асабліва шчырыя словы падзякі выказвалі яны гэтай маленькай, але вельмі актыўнай, энергічнай жанчыне за аднаўленне мясцовай каплічкі.

Гэты невялічкі храм пабудаваў у свой час пан-католік як абярэг ад халеры, якая лютавала тады ў наваколлі. Пра той час нагадвае толькі драўлянае распяцце Ісуса Хрыста, якое захавалася да сённяшняга. За гады атэізму каплічка прыйшла ў поўны заняпад, але дзякуй богу і за тое, што не была наогул разбурана.

Валянціна Анатольеўна – чалавек веруючы. І стала такім не ў апошнія гады, яна і ў час ганенняў на веру жыла з Богам у душы, па меры магчымасці наведвала царкву. Таму рамонт каплічкі стаў для яе справай намнога большай, чым абавязак старэйшыны. Распачала яго за свае ўласныя грошы. Муж Віктар Антонавіч, былы ваенны, сужэнку падтрымаў і не толькі не бурчэў за частую яе адсутнасць дома, але і сам аказваў дапамогу.

Валянціна Анатольеўна папрасіла блаславення, калі была ў адным з манастыроў, (а ўсяго яна іх наведала 12), і ўзялася за справу. Перашкод было многа, але на просьбы гэтай шчырай, добразычлівай жанчыны людзі адгукаліся з ахвотай. І ў тым, што сёння каплічка выглядае як цацка, ёсць уклад Уладзіміра Мадзялы, Канстанціна Раслевіча, Валерыя Янчака, Мікалая і Людмілы Лукашэвічаў, Віктара Малевіча, Васіля Зубрыцкага, Мікалая Яшкевіча, Алега Мінайлы, Андрэя Кішэні. Убачыўшы, з якім імпэтам узялася старэйшына за справу, вяскоўцы панеслі ахвяраванні на храм, і зараз усе рады таму, што так ладна атрымалася зрабіць богапажаданую справу. У Вялікую суботу перад Вялікднём, на Каляды і Радуніцу каплічку наведвае настаяцель Свята-Пакроўскай царквы айцец Георгій Мялешка. На малебен збіраюцца ўсе вяскоўцы і кажуць, што на гэтым стагоддзямі намоленым месцы малітвы хутчэй даходзяць да Госпада.

Пад кантролем у старэйшыны і мясцовыя могілкі. Першы раз, каб навесці на іх парадак, яна сама хадзіла па хатах і прасіла людзей выйсці на суботнік. Многія тады паслухаліся: шмат кустоўя высеклі, пачысцілі, прыбралі. Зараз гаспадаром на іх стаў камунгас, які паабяцаў устанавіць скрыні для збору смецця. Валянціна Анатольеўна гэтаму не нарадуецца, бо надта ўжо шмат клопату было з ім, асабліва вясной і восенню, калі пачыналася масавая ўборка могілак.

А яшчэ, дзякуючы старэйшыне, у Лапуты зараз заязджае гарадскі аўтобус. Вёска з’яўляецца прыгараднай, адна з гарадскіх вуліц з ёй практычна злучаецца, і дарога да горада заасфальтавана, і тратуар нават пакладзены. Але зімой, калі і ў восем гадзін світанак яшчэ не пачынаецца, дзецям па цемры дрэнна дабірацца ў школу. Падлічыла неяк Валянціна Анатольеўна, што школьнікаў у вёсцы больш за чатыры дзясяткі, дадала сюды пенсіянераў, у якіх таксама шмат спраў у горадзе, асабліва па пятніцах, і пайшла на прыём да аднаго з намеснікаў старшыні райвыканкама. Да яе вялікага задавальнення, прапанова наконт маршрута гарадскога аўтобуса была падтрымана.

Казачэнка з тых людзей, якія заўсёды сабе знойдуць справу, бо для іх сядзець склаўшы рукі — што быць хворым. Бывае, дакучае жанчына сваімі просьбамі старшыні сельвыканкама Сценніку, але Анатоль Вітальевіч толькі радуецца, бо ведае, што ў гэтай старэйшыны ў вёсцы заўсёды парадак.

НА ЗДЫМКУ: старэйшына в. Лапуты В.А. Казачэнка ганарыцца адноўленым храмам.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *