Елена Подберезко создаёт комфортные условия для коллектива Докшицкого РЦГиЭ

Здымак 1

Здымак 1

Па традыцыі ў некаторых краінах, рыхтуючыся да Новага года, прынята пазбаўляцца ад старых рэчаў, замяняючы іх на новыя. У Італіі, напрыклад, каб пачаць новае жыццё выкідваюць мэблю.

У раённым Цэнтры гігіены і эпідэміялогіі таксама настроіліся на некаторыя змены. Зразумела, што яны нічога не выкідвалі, а вось умовы працы вырашылі палепшыць.

На сённяшні дзень у будынку Цэнтра ўжо заменена частка вокнаў і дзвярэй, закупляюцца матэрыялы для правядзення рамонту ў санітарна-эпідэміялагічным аддзеле. У лабараторыі ідзе замена абсталявання на больш сучаснае і энергазберагальнае. У хуткім часе ўстановяць і новую мэблю ў кабінетах. На ўсе гэтыя мэты затрачана 170 млн рублёў.

Пра такія камфортныя ўмовы для сваіх работнікаў паклапацілася галоўны санітарны ўрач раёна – ініцыятыўная і мэтанакіраваная Алена Падбярэзка (здымак 1), якая з нядаўняга часу займае гэту пасаду.

Алена Ігараўна родам з Магілёўскай вобласці Мсціслаўскага раёна. Пасля заканчэння Беларускага медуніверсітэта яна атрымала размеркаванне ў Віцебскі занальны Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Пераезду ў Докшыцы паспрыяла замужжа і нараджэнне дзіцяці. У РЦГіЭ спачатку прыйшла ўрачом-інтэрнам, а ў хуткім часе была назначана галоўным санітарным урачом раёна.

У падначаленні Алены Падбярэзка 28 чалавек. Сярод іх ёсць і тыя, якія адпрацавалі больш за 30 год. Гэта Валянціна Юнцэвіч, Таццяна Клігус, Антаніна Хваль, Уладзімір Літвінок, Галіна Пруднік. У 2015-м годзе сваё новае месца работы тут знайшлі тры маладыя спецыялісты: адказная і добрасумленная ўрач- эпідэміёлаг Ганна Трашчанка. Крысціна Бурая і Ірына Ісакава (здымак 2) уладкаваліся ў раённы цэнтр памочнікамі ўрача, са сваімі абавязкамі дзяўчаты спраўляюцца на выдатна.

Пад наглядам гэтай службы знаходзяцца ўстановы медыцыны і адукацыі, аб’екты гандлю і бытавога абслугоўвання, рамонтна-механічныя майстэрні і фермы і іншыя аб’екты, дзе правяраюцца парушэнні санэпідзаканадаўства.

IMG_3672

Здымак 2

IMG_3677

Ветэраны працы РЦГіЭ: Таццяна Клігус, Антаніна Хваль, Пётр Арцішэўскі, Валянціна Юнцэвіч і Галіна Пруднік.

За мінулы год супрацоўнікамі РЦГіЭ было праведзена 77 планавых праверак і 33 пазапланавыя, а таксама 5 кантрольных, складзена 175 пратаколаў. Вынесена 9 пастаноў аб прыпыненні, спыненні работ (дзейнасці). Акрамя гэтага, выдадзена 65 прадпісанняў і 150 рэкамендацый аб устараненні парушэнняў. У асноўным яны выяўляліся ў гандлёвых кропках і на аб’ектах грамадскага харчавання. Але трэба разумець, што першапачатковай задачай для санітарнай службы з’яўляецца не пакаранне рублём тых, хто не выконвае яе патрабаванні, а мінімізацыя небяспекі для здароўя і жыцця чалавека.

На працягу апошніх гадоў у нашай краіне надаецца вялікая ўвага добраўпарадкаванню населеных пунктаў. Сваю лепту ў гэту агульную справу ўносіць таксама і раённы Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. За мінулы год былі выяўлены і ліквідаваны несанкцыянаваныя звалкі, прыведзены ў парадак свідравіны, добраўпарадкаваны могілкі і дваровыя тэрыторыі шматпавярховікаў у сельскіх населеных пунктах.

Асобнае і не менш важнае значэнне РЦГіЭ удзяляе фарміраванню здаровага ладу жыцця. Работа гэта заключаецца ў тым, каб прыцягнуць увагу дзяцей і дарослых да больш сур’ёзных адносін да свайго здароўя. Круглыя сталы, шматлікія акцыі, лекцыі і семінары, распаўсюджванне памятных буклетаў дапамагаюць маштабна інфармаваць насельніцтва пра існуючыя праблемы, звязаныя са здароўем.

На сённяшні дзень эпідэміялагічная сітуацыя ў раёне стабільная. Пацверджаннем з’яўляецца тое, што ўсе эпідэмічныя захворванні з’яўляюцца адзінкавымі. У раёне не рэгістраваліся выпадкі захворвання на шкарлятыну, краснуху, эпідэмічны паратыт.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *