Коллектив Докшицкого лесничества работает как звенья одной цепи

Здымак 1

Здымак 1

Рэаліі сённяшняга дня патрабуюць любы вытворчы працэс весці максімальна механізавана. У Бягомльскім лясгасе працэс мадэрнізацыі вядзецца несупынна як на вытворчых аб’ектах, што размешчаны ў Бягомлі, Параф’янаве, так і ў структурных падраздзяленнях, раскіданых па ўсім раёне.

Узяць, да прыкладу, нарыхтоўку драўніны. Брыгады вальшчыкаў, якія “ўзброены” піламі, з цягам часу замяняюць харвэстэры. Практычна адышла ў мінулае ручная пагрузка драўніны: фарвардэры збіраюць і вывозяць нарыхтаванае да лясной дарогі ці склада.

Ляснічы Докшыцкага лясніцтва, якое заўсёды было ў лідарах, Павел Аўласевіч прыгадвае, як дзесяць гадоў таму ён прыйшоў сюды майстрам. Калектыў тады быў вялікі – пад сорак чалавек. Зараз у падраздзяленні – 29. Усё тая ж механізаванасць працэсу дазваляе абыходзіцца меншай колькасцю працоўных рэсурсаў і значна эканоміць. Тым не менш не ідзе гаворка пра поўнае знікненне ручной нарыхтоўкі. Наадварот, нарыхтоўкай займаюцца сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, якія ведаюць, як падступіцца да таго дрэва, што не ўсялякая тэхніка возьме. Зараз у лясніцтве працуе шэсць вальшчыкаў і чатыры абрубшчыкі, якія за месяц даюць да агульнага плану 700-800 кубаметраў драўніны. Дакладнымі асамі ў гэтай справе сталі Васіль Конан, Сяргей Пашкоўскі, Аляксандр Ліннік.

Лясная гаспадарка, як ніякая іншая, патрабуе своечасовага ўзнаўлення рэсурсаў. Мы неаднойчы паведамлялі на старонках газеты пра якасны насенны матэрыял, які нарыхтоўвае ўстанова і для сваіх патрэб, і для экспартных паставак. Аднак працэс гэты даволі карпатлівы і мае свае этапы. Спачатку вядзецца ручны збор шышак, якія потым адпраўляюцца на сушылку ў лясгас, дзе праводзіцца іх ачыстка. Затым яны правяраюцца на ўсходжасць. Лясніцтвы ў гэтым працэсе адказваюць за самы першы этап. У Докшыцкім зараз гэтым займаецца ляснік Ігар Касцюк. Норма на дзень – да 15 кілаграмаў шышак сасны, елкі – крыху больш. Сёлета нарыхтоўваюць першыя. Збор вядзецца з лістапада і па канец лютага. Веснавое сонца ў такім працэсе не памочнік. Прыгрэе верхавіны — і ўсё: шышкі раскрываюцца, насенне сыплецца долку.

Здымак 2

Здымак 2

У падраздзяленні, пра якое ідзе гаворка, у мінулым годзе было пасаджана 23 гектары лесу. Пароды, у асноўным, хвойныя. Чатыры гектары адведзены пад лістоўніцу. Дарэчы, яе саджанцы вырашчаны ва ўласным гадавальніку Бягомльскага лясгаса. Да ўдзячнай справы ўзнаўлення ляснога фонду стараюцца прыцягнуць школьнікаў. Напрыклад, вучні першай гарадской мінулай вясной працавалі на пасадцы каля Таргуноў. І гэта штогадовая практыка.

Так склалася, што Докшыцкаму лясніцтву шанцавала на кіраўнікоў. Справы ў ім наладжвала дынастыя Калягаў. Апошнія пяць гадоў яго ўзначальвае адказны, прынцыповы і аўтарытэтны ў калектыве Павел Аўласевіч. Ён задаволены сваёй камандай, працу якой змог наладзіць па прынцыпе звёнаў аднаго ланцуга. Любую справу ён можа даручыць майстрам Францу Герко, які 15 гадоў працуе ў галіне, Васілю Пакора, стараецца не падводзіць і памочнік ляснічага Віталь Блажыевіч.

НА ЗДЫМКАХ: 1. (Злева направа) ляснічы Павел Аўласевіч, майстар Франц Герко і памочнік ляснічага Віталь Блажыевіч падчас ранішняй “лятучкі”. 2. Прахадную рубку ў 34 квартале Докшыцкага лясніцтва вядуць вальшчык Вадзім Дук і абрубшчык Аркадзь Купрэвіч.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *