90-летний юбилей отметила Генуэфа Глушонок из агрогородка Парафьяново Докшицкого района

IMG_2855Напэўна, галоўнае жаданне, пра якое думае кожны з нас, – гэта тое, каб нашы родныя былі з намі як мага даўжэй. На жаль, не ўсім роўна адмярае Бог. А самае страшнае, калі бацькі хаваюць сваіх дзетак, як гэта было наканавана зрабіць Генуэфе Глушонак з Параф’янава (на здымку). Спачатку памёр трохмесячны сынок, потым ужо дарослымі пайшлі з жыцця сын, дачка, не стала мужа…

– А я ўсё працягваю жыць. У студзені 90 гадоў стукнула, – расказвае бабуля. – У маіх бацькоў было чацвёра дзяцей – трое сыноў і я. Нарадзіліся мы ў Давідоўцы, гэта Сітцаўскі край. Хаты сваёй наша сям’я не мела. Бацькі былі парабкамі і жылі ў таго пана, у якога на той час працавалі. Работы хапала ўсюды: і ў полі, і ў лесе. Так і зараблялі сабе на хлеб.
Калі тата памёр з-за цяжкай хваробы, – працягвае бабуля, – баяліся, што нас выганяць на вуліцу. Аднак пан, паглядзеўшы, як адзін брат спраўляецца за плугам, другі – пасвіць кароў, згадзіўся нас пакінуць. Мяне, васьмігадовую, нават узялі ў служкі. Мыла посуд, “масцікавала” падлогу – націрала так, што атрымлівалася так, быццам па люстэрку ходзіш. Добра жылі, пакуль вайна не застала. Пан з’ехаў кудысьці, а ў вёску прыйшлі немцы, а пазней аб’явіліся і партызаны. Не адзін фашыст падарваўся на іх мінах. І тады пачалася помста з боку захопнікаў: спачатку знішчалі ўсё, што пад рукі траплялася. Людзям не было чаго есці, шукалі гнілую бульбу, збіралі траву, каб толькі не памерці з голаду. А потым фашысты зусім азвярэлі: прывялі з Парэчча сем чалавек, далі ім лапаты і загадалі капаць яму, а тады паставілі іх пад аўтаматныя чэргі. І ўсё гэта адбывалася на вачах вяскоўцаў. Такое не забываецца ніколі.

Пасля вайны ў 1949 годзе пачалі стварацца калгасы, у якіх за адбытыя працадні атрымлівалі заробак у выглядзе зерня і алею. Жыццё пачало пакрыху наладжвацца. З мужам пабудавалі дом у Плісках. А пазней дачка нас забрала жыць да сябе ў трохпакаёвую кватэру ў Параф’янава. Тут нам зусім добра стала.

Сёння Генуэфа Адольфаўна жыве ў кватэры адна, але гэта не значыць, што родныя яе пакінулі і не даглядаюць. Сын жыве далёка, у Маскве. Затое ўнукі і праўнукі праведваюць яе кожны дзень і які ўжо раз угаворваюць бабулю пераехаць да іх, але яна не згаджаецца, сцвярджае, што не хоча нікога абцяжарваць. У сваю чаргу, унучкам вельмі дзякуе за клопат. Вось і нядаўна яны на 90-ы дзень нараджэння зрабілі любімай бабулі сапраўднае свята – з шыкоўным застоллем і кветкамі. А напярэдадні нават ксёндз Раман Мурзіч завітаў і павіншаваў імянінніцу.
– Святар так ужо мяне абдымаў і цалаваў! – смяецца Генуэфа Адольфаўна. – Нечакана, але так было прыемна!

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *