Докшичанка Людмила Передня ведёт активный образ жизни

Здымак 1

Здымак 1

Дакшычанка Людміла Пярэдня нядаўна вярнулася на сваю малую радзіму (здымак 1). Да гэтага кроку прымусілі некаторыя абставіны. Бацькам, у мінулым вядомым педагогам, якія знаходзяцца зараз у вельмі паважаным узросце, спатрэбіўся догляд. На сямейным савеце дзве іх дачкі вырашылі рабіць гэта па чарзе. Таццяна жыве ў Аўстраліі, таму больш часу ролю сядзелкі ля нямоглых таты з мамай выконвае Людміла, хаця і старэйшая дачка любую магчымасць выкарыстоўвае, каб пабыць ля бацькоў. Большую частку жыцця Людміла Іванаўна пражыла ў Гродна, дзе працавала інжынерам. Там жыве яе старэйшы сын з сям’ёй, а дзве дачушкі з’ехалі да цётачкі ў Аўстралію. Вось і “разрываецца” бабуля паміж гродзенскімі ды аўстралійскімі ўнукамі.

У родным горадзе гэта энергічная, маладжавая жанчына сваё прабыванне не абмежавала толькі гатаваннем ежы, мыццём бялізны і іншымі бытавымі клопатамі. Яна перыядычна арганізоўвае сустрэчы аднакласнікаў. Сённяшнія пенсіянеры, а ў мінулым вучні настаўніцы геаграфіі Ніны Сцяпанаўны і загадчыка рана Івана Міхайлавіча Пярэдняў, з задавальненнем прыходзяць на сустрэчу са сваім юнацтвам. Для любімых настаўнікаў яны і сёння дзяўчаты і хлопцы, а размовам-успамінам няма канца.

Часцей за ўсіх да Людмілы Іванаўны забягае, канечне, лепшая сяброўка юнацтва Ірына Майсяёнак. Жыхарка Мінска час ад часу прыязджае ў Докшыцы ў маміну кватэру на некалькі месяцаў. Нядаўна абедзве прызналіся, што вельмі камфортна адчуваюць сябе ў маленькім гарадку свайго далёкага дзяцінства.

– Ніколі не думала, што ў Докшыцах пенсіянеры, аказваецца, жывуць даволі цікава, – распавядае Людміла Іванаўна. – У мяне, на жаль, не вельмі шмат вольнага часу, але я ўсё роўна выкройваю хоць па некалькі гадзін, каб наведаць водна-аздараўленчы цэнтр і клуб “Кацюша”. Разам з Ірынай вывучаем англійскую мову, займаемся ў танцавальным гуртку “Сударушка”. Асалоду ад заняткаў маем неверагодную. Яшчэ большы імпэт надало нядаўняе канцэртнае выступленне і шчырыя апладысменты гледачоў. Сяброўка з Гродна, дачуўшыся пра тое, як я праводжу ў маленькім райцэнтры вольны час і практычна нічога не плачу за гэта, нават пазайздросціла.

Здымак 2

Здымак 2

У мінулым школьная выдатніца і ўладальніца чырвонага дыплома медінстытута, Ірына Аляксееўна на пенсіі адкрыла ў сабе шмат іншых талентаў. Умелыя рукі былога хірурга на занятках у раённым Доме рамёстваў па-майстэрску лепяць з гліны, выразаюць па дрэве, плятуць з саломкі розныя вырабы (здымак 2). З Людмілай яны не прапусцілі ніводнай літаратурнай сустрэчы, канцэрта, якія праходзяць у райцэнтры. Ірына прызнаецца, што, бывае, ледзь дня хапае, каб паспець наведаць усе заняткі ды мерапрыемствы. І таму толькі зараз яна напоўніцу зразумела, што значыць выказванне “пажыць для сябе”. Заслужаны адпачынак – гэта той час, калі яшчэ можна паспрабаваць рэалізаваць сябе там, дзе не паспеў гэта зрабіць раней.

Тамара Альшэўская.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *