В доме Анны Авласевич из Докшиц согреваются детские сердца

Изображение 321За некалькі апошніх гадоў у Беларусі прынята звыш 60 розных дакументаў, якія абараняюць дзяцінства. З’яўленне дзіцячых дамоў сямейнага тыпу спрыяе таму, што выхаванцы, якія засталіся без бацькоўскай апекі, могуць зведаць шчасце жыцця ў сям’і, рыхтуюцца да самастойнасці, вучацца многаму, чаго не змаглі б атрымаць у інтэрнаце. У такіх дамах у іх ёсць і хатнія абавязкі, і кішэнныя грошы, і сямейныя святы. А самае галоўнае – яны акружаны любоўю, цеплынёй і клопатам.

Звычайная работа – можа падацца на першы погляд. Працуеш дома, адпраўляеш дзяцей у садок і школу, атрымліваеш заробак ад дзяржавы, маеш аплачваемы водпуск працягласцю 56 дзён. Час працы залічваецца ў агульны стаж, на перыяд водпуску для дзяцей арганізоўваецца летні адпачынак… Але быць маці-выхавальніцай у такім доме – праца вельмі нялёгкая. Шэсць гадоў таму, ускладаючы на свае жаночыя плечы такую ношу, Ганна Аўласевіч, якая мае вышэйшую педагагічную адукацыю, значны вопыт работы ў школе і траіх уласных дзяцей, разумела: будзе вельмі складана. У кожнага дзіцяці свае гены, характар, не самы лепшы жыццёвы вопыт. Як жа ўдаецца іх адаптаваць, прывучыць да парадку, зблізіць паміж сабой?

– Самае галоўнае – напачатку прыняць кожнае дзіця такім, якое яно ёсць, – дзеліцца Ганна Іванаўна. – З яго крыўдамі, колкасцю, насцярожанасцю, нежаданнем верыць, што існуе іншае, без болю і адзіноты, жыццё. Спачатку адагрэць, а ўжо затым дапамагаць, накіроўваць, карэкціраваць адносіны.

Зараз на выхаванні ў жанчыны знаходзяцца сямёра дзетак. Дзевяцікласніца Хрысціна, сямікласнікі Вадзім (яе брат), Насця і Маша, пяцікласнік Кірыл і малеча – Ульянка, якой два з паловай, і яшчэ адна Хрысцінка – ёй толькі паўгодзіка.

Гаспадыня ахвотна праводзіць экскурсію па доме. Уражанні самыя прыемныя: на абодвух паверхах чысціня і парадак, ацяпленне газавае, ёсць неабходная бытавая тэхніка. На першым паверсе – гасцёўня, кухня, спальня Ганны Іванаўны і маленькай Хрысцінкі. Наверсе – дзіцячыя пакоі. Хатнія кветкі, смачныя пахі, розныя дробязі ў інтэр’еры, якія могуць стварыць толькі рукі клапатлівай маці. Сапраўдны ўтульны дом без аніякіх намёкаў на “казёншчыну”. Адзіны недахоп, па словах гаспадыні, – недастатковая плошча, каб змаглі прыехаць і пэўны час пагасціць выпускнікі, а іх ужо налічваецца пяцёра. Добраўпарадкавана і прысядзібная тэрыторыя, ёсць гаспадарчыя пабудовы, дзе вясной плануецца завесці парасят, птушак: і сямейнаму бюджэту падмога, і выхаванцы будуць вучыцца даглядаць жывёлу. Дзеці, дарэчы, адкрытыя, усмешлівыя, гаваркія, непасрэдныя (на здымку). Адразу заўважаеш, як старэйшыя апякуюцца над малодшымі, як ахвотна выконваюць просьбы і даручэнні (не загады!) сваёй прыёмнай матулі.

Ганна Іванаўна, распавядаючы пра свае радасці і трывогі, клопаты і перамогі, выказвае ўдзячнасць спецыялістам аддзела адукацыі, спорту і турызму за псіхолага-педагагічнае суправаджэнне сям’і, докшыцкім урачам-педыятрам, да якіх можа звярнуцца ў любы час сутак, духоўным асобам касцёла Святой Тройцы за вялікую дапамогу ў выхаванні, прадпрымальніку з Бярозаўкі Віктару Корсаку за забеспячэнне бульбай. Таксама яна падтрымлівае цесную сувязь з некалькімі бацькамі-выхавальнікамі, дзеліцца з імі сваімі праблемамі, раіцца ў складаных сітуацыях. Але, якой бы ні была дапамога, асноўны клопат і велізарная адказнасць за выхаванне, здароўе дзетак, мікраклімат у сям’і на ёй, а гэта пад сілу далёка не кожнаму.

– Кожны дзень даводзіцца вырашаць мноства пытанняў – арганізацыйных, матэрыяльных, псіхалагічных, – уздыхае Ганна Іванаўна. – Вось, напрыклад, зачынілася побач крама “Гермес”, і за прадуктамі зараз дабірацца далёка. А я ж не маю аўтамабіля, і кожная хвілінка для мяне дарагая. А яшчэ… Вельмі крыўдна, што знаходзяцца людзі, якія лічаць, што ўзяцца за гэту справу мяне прымусіў меркантыльны інтарэс.

Чым тут можна запярэчыць? Той, хто так думае, няхай уявіць на хвілінку, што сам выхоўвае шасцярых дзяцей і ў пяцьдзясят гадоў нарадзіў яшчэ сёмае (а Хрысцінку жанчына ўзяла ў два месяцы). Як кажуць, без каментарыяў.

…Развітваюся з цеплынёй у душы і слязьмі на вачах. Двухгадовая Ульянка абхоплівае мяне ручкамі за шыю і цалуе. Яшчэ адно маленькае адагрэтае сэрца.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *