Анестезиолог-реаниматолог Докшицкой ЦРБ стал лучшим по профессии в области здравоохранения

IMG_5772На злёце перадавікоў народнай гаспадаркі стала вядома, што лепшым па прафесіі ў галіне аховы здароўя стаў анестэзіёлаг-рэаніматолаг Докшыцкай ЦРБ Сяргей Бацэка. Яго імя занесена на раённую Дошку гонару.

…У невялічкай вёсцы Пугачова на Бягомльшчыне будучы доктар нарадзіўся і рос. Хлусліва будзе сцвярджаць, што прафесію ён абраў сабе з дзяцінства. Зусім не. Адно толькі праўда: яшчэ школьнікам Сяргей ніколі не грэбаваў вучобай. І яго, і сястру Ірыну маці Кацярына Уладзіміраўна выхоўвала з ідэяй, што добрая адукацыя не зваліцца на дзяцей з неба, калі яны самі не прыкладуць максімум намаганняў. Аднак гэты пастулат не ператварыў юнака ў “батаніка”. Так, ён добра вучыўся, шмат чытаў, але і касу трымаў нароўні з дарослымі мужчынамі, і на матацыкле ганяў, і парамантаваць двухколавага сябра мог, калі што. У вёсцы не пагультайнічаеш надта.

Скончыўшы Бераснёўскую дзевяцігодку, сярэднюю адукацыю Сяргей атрымліваў у Бягомлі. Вясковы хлопец хутка стаў у класе сваім. Займеў сяброў, актыўна ўдзельнічаў у школьнай самадзейнасці. Паспяховасць пры гэтым зусім не пакутавала. У выніку – залаты медаль і, як пішуць у рамантычных кніжках, безліч жыццёвых дарог. Наваспечаны выпускнік выбраў Віцебскі медуніверсітэт. Хваляваўся, як і ўсе абітурыенты. А калі даведаўся, што залічаны на першы курс, першым чынам патэлефанаваў маці, якая верыла ў сілы сына і пастаянна падбадзёрвала.

Як паказвае жыццё, колькасць паступіўшых і тых, хто ў канчатковым выніку атрымлівае дыплом, не роўная. ВДМУ – не выключэнне. Толькі калі ў іншых ВНУ можна перавесціся на завочнае, то ў медыцынскай установе такой паблажкі няма. Будучы доктар Бацэка ў ліку тых, хто адолеў шэсць гадоў складанай вучобы і выйшаў на фініш, дзе паўстала складанае пытанне: якую спецыялізацыю абраць? І ў дзяцінстве і ў юнацкія гады ён заўжды выпрабоўваў сябе. Выбіраў самую складаную задачу і крок за крокам вырашаў яе. Анестэзіёлагам-рэаніматолагам стаў па той жа схеме. У грамадстве існуе думка, што ўрач такога профілю ўвёў наркоз і ўсе справы. Насамрэч гэта хірургічная спецыяльнасць вельмі складаная і ўключае ў сябе дзве. Анестэзіёлаг не менш за хірурга ў адказе за добры вынік аперацыі. Недастаткова толькі сабраць дакладны анамнез і разлічыць дазіроўку прэпаратаў – трэба ўмець у самым крытычным выпадку імгненна пралічыць усе магчымыя варыянты развіцця падзей і выбраць адзіны правільны. Пацыенты рэаніматолага гэта тыя, хто балансуюць у памежным стане паміж жыццём і смерцю.

Сапраўдную адказнасць за сваю прафесію ўрач адчуў, калі трапіў у рэанімацыйнае аддзяленне ЦРБ. Маладога спецыяліста сустрэлі, без перабольшвання, шчыра. Сяргей Бацэка згадвае, як загадчык аддзялення Ігар Стадольнік наказваў: калі што – тэлефануй у любы час, прыеду. Напачатку ён так і рабіў: пры ўзнікненні сумнення звяртаўся да калег. А яны не адмаўлялі: дзяліліся набытым вопытам, прыязджалі ў аддзяленне, нягледзячы на выхадны.

Прафесія анестэзіёлага-рэаніматолага патрабуе вялікай устойлівасці да стрэсаў, бо, які б ні быў знешне спакойны доктар, ён прапускае праз сябе чалавечы боль і фізічныя пакуты. Калі пацыенту лягчэе, яго пераводзяць у іншае аддзяленне, а ў рэанімацыі ложкі займаюцца новымі пацыентамі. І так з дзяжурства ў дзяжурства, з дня ў дзень.
Замест пасляслоўя.

– Вы верыце ў Бога?

– Веру, што існуе нешта вышэйшае. Кожны называе гэта па сваім разуменні. А спадзяюся ўсё ж такі больш на навуку і медыцынскія веды.

– Ці даводзілася бачыць цуд, калі, напрыклад, удаецца паставіць на ногі безнадзейнага.

– Працую толькі шосты год. Можа, мой адказ не зусім адобраць псіхолагі, але пакуль не. Паўтаруся, у мяне яшчэ невялікая медыцынская практыка. Буду вельмі шчаслівы, калі ў будучым адкажу на гэтае пытанне інакш.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *