Для Сергея Веретенникова из Докшицкого района увлечение стало работой

IMG_4345Ці мог калі падумаць расіянін Сяргей Вераценнікаў, ураджэнец Архангельскай вобласці, што лёс закіне яго за тысячы кіламетраў, у Беларусь, якую бачыў толькі па тэлевізары? Не на службу (а Сяргей старшы прапаршчык у адстаўцы), не ў камандзіроўку, не ў госці, а на пастаяннае месца жыхарства. Напачатку ў Віцебскую ветэрынарную акадэмію паступіла старэйшая дачка: сагітаваў Сяргееў сябар-беларус, таксама ваенны. А затым пераехалі ўсёй сям’ёй дзеля малодшай дачушкі: узнікла неабходнасць у змене клімату. Купілі дом у Глінным, зрабілі рамонт, агарод свой маюць, з вяскоўцамі перазнаёміліся – прыжыліся. Жонка і сын уладкаваліся працаваць на жывёлагадоўчы комплекс. А Сяргей займеў магчымасць прысвяціць сябе таму, што ўсё жыццё было толькі захапленнем, – музыцы.

– Музычнай адукацыі я, на жаль, не маю, як кажуць, самавучка, – распавядае былы прапаршчык. – Слых у мяне ёсць, спяваю яшчэ са школьных гадоў, нават быў салістам у школьным хоры. Навучыўся іграць на гітары. Яна мой верны сябар і падчас святаў, і ў сумныя хвіліны. Не думаў толькі, што некалі давядзецца перадаваць свае ўменні іншым.

Сяргей Вераценнікаў стаў працаваць у Глінскім сельскім клубе. Ён кіруе дзіцячым гуртком сольных спеваў, дарослым вакальным, клубам гітарыстаў “Тры акорды”, а яшчэ мясцовая дзятва з задавальненнем прыходзіць у клуб, каб пагуляць у настольны тэніс, паламаць галовы над складанымі шахматнымі і шашачнымі кампазіцыямі. Праўда, клубам пару невялікіх пакойчыкаў у адным крыле Глінскай сярэдняй школы можна назваць з нацяжкай. Няма месца ні для правядзення дыскатэкі, ні для выступленняў. Тым не менш, розныя мерапрыемствы, святы, канцэрты праходзяць, бо Сяргей працуе ў цеснай сувязі з педкалектывам школы. Шчырыя словы падзякі ён выказвае дырэктару Ірыне Дземідовіч, настаўніцам Марыі Плюта, Анжаліцы Радзюш, Людміле Асіповіч, а таксама загадчыцы Глінскай сельскай бібліятэкі Алене Кандрацёнак за заўсёдную дапамогу і падтрымку.

Знайшоў былы ваенны агульную мову і з дзятвой. Адразу адчуваецца, якая цёплая і сардэчная атмасфера пануе падчас заняткаў. Васьмікласнік Андрэй Чырвінскі з гітарай ужо, можна сказаць, “на ты”, а Радзівон Навіцкі і Хрысціна Шпак – навічкі, толькі асвойваюць акорды. Тэнісісты Саша Фрол, Маша Дземідовіч і Саша Гаўрыловіч прыбеглі паглядзець, як ідуць справы ў сяброў. Для ўсіх знаходзіцца месца і добрае слова. Кожны месяц адзначаюцца тут і дні імяніннікаў – з конкурсамі, падарункамі і салодкімі пачастункамі.

Карацей кажучы, калі чалавек цалкам захоплены сваёй справай, укладае ў яе ўсю душу, то, як змаглі ўпэўніцца на прыкладзе дзейнасці Сяргея Вераценнікава, і, здавалася б, немагчымае становіцца магчымым і дае плён.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *