Хранители быта предков живут в Докшицком районе

Данута Бабровіч гартае сямейны альбом.

Данута Бабровіч гартае сямейны альбом.

Да сястры і брата Дануты і Івана Бабровічаў, жыхароў вёсачкі Сенькаўшчына, што ў Валкалацкім сельсавеце, наведаліся разам са старшынёй Антанінай Бабарыка. Антаніна Віктараўна ў вёсцы нярэдкі госць: пачалася вясна, а значыць, і клопатаў па добраўпарадкаванні населеных пунктаў прыбавілася. Да герояў гэтага артыкула якраз прэтэнзій няма ніякіх. Прысядзібны ўчастак у поўным парадку: узарана, падкошана, падгрэблена, падмецена. А ў доме такая чысціня, што, здаецца, там і не жыве ніхто, а толькі зрэдку заходзіць, каб упэўніцца, што ўсё на месцы, і змахнуць нябачныя пылінкі.

Гаспадара Івана дома не аказалася, а Данута Юльянаўна доўга саромелася, не хацела пра сябе расказваць: “Не трэба пра мяне ў газету, я ж нічым такім не праславілася”.
Сціпласць – адна з адметных рысаў гэтай жанчыны. Разам з працавітасцю, акуратнасцю, добразычлівасцю і гасціннасцю яна стварае тыповы партрэт беларускай вясковай жанчыны. Данута Бабровіч нарадзілася ў Сенькаўшчыне і жыве тут усё жыццё. У калгасе “Савецкая Беларусь” працавала спачатку паляводам, затым 22 гады – даяркай. Вольнага часу, кажа, практычна не мела. Можаце сабе ўявіць, як гэта на справе: падаіць уручную тройчы на дзень групу з двух дзясяткаў кароў, раздаць кармы, напаіць. Пазней, вядома, гэтыя працэсы механізаваліся, але ж прыбавілася клопатаў дома: пастарэлі, сталі хварэць бацькі. Данута Юльянаўна была лепшай даяркай на ферме “Сенькаўшчына”, за сваю сумленную працу неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі і падзякамі райвыканкама. А яшчэ працяглы тэрмін, чатыры скліканні, была дэпутатам Валкалацкага сельскага Савета.

Склалася так, што брат з сястрой не стварылі ўласныя сем’і і засталіся гаспадарамі нават не ў бацькоўскай, а ў дзедаўскай хаце, якой сама меней сто гадоў. Дом такі моцны, такі дыхтоўны, што за столькі часу ў ім практычна нічога не давялося мяняць. А яшчэ ў ім, нягледзячы на некаторыя сучасныя дэталі ў інтэр’еры, проста вітае дух даўніны. Карціны-вышыванкі і пажаўцелыя фотаздымкі ў рамачках на сценах, класічная для таго часу расстаноўка мэблі, ложак з прасціной у карунках і пышнымі накідкамі на падушках, печ… Нават пахі нейкія асаблівыя, з дзяцінства, з бабулінай хаты. Праўда, у печы гаспадыня гатуе рэдка, у асноўным, зімою, больш на газавай пліце. І – дзіва дзіўнае ў наш час! – у доме няма электрычнасці. Даўным-даўно, калі толькі праводзілі святло ў вёску, хату Бабровічаў чамусьці абмінулі. Мо, таму, што стаіць яна крыху наводшыбе, за мясцовымі могілкамі, мо, па нейкай іншай прычыне – Данута Юльянаўна ўжо не памятае. А пасля паставіць слупы і падключыць святло ім прапаноўвалі неаднойчы. Адмаўляліся. Чаму?

– А не маем у гэтым вялікай патрэбы, – кажа жанчына. – З ранейшых часоў прызвычаіліся, ніякіх нязручнасцей не адчуваем. Прадукты добра захоўваюцца ў склепе. Ёсць радыёпрыёмнік – і навіны слухаем, і перадачы розныя, і песні. Я кнігі вельмі люблю чытаць, а да тэлевізара душа не ляжыць. Яшчэ нейкі стары фільм паглядзела б, а цяперашнія бясконцыя серыялы ды баевікі – ні для розуму, ні для сэрца. Устаём і кладзёмся спаць разам з сонцам. Калі ж якая пільная патрэба, дык лямпа газавая ёсць. Працуем памаленьку. Маем усё неабходнае – што яшчэ трэба?

І ведаеце, нельга з маёй суразмоўцай не пагадзіцца. За шчасце ў наш час з яго шалёнымі тэмпамі можна лічыць спакойнае, размеранае жыццё без залішніх негатыўных эмоцый і страхаў не паспець, упусціць, не выканаць, не апраўдаць, не рэалізавацца і да т.п. Як казаў хтосьці з мудрацоў, усё, што важна, не можа быць тэрміновым. Усё, што тэрмінова, – марнасць, мітусня.
Вось па гэтым прынцыпе, мабыць, і жывуць брат з сястрой Бабровічы. У роднай хаце. Трымаюць пасеку, якая перайшла ў спадчыну ад бацькоў. У гармоніі з прыродай і з сабою. Так, як жылі нашы продкі.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *