Гелена Подрез из деревни Шильки Докшицкого района не потеряла вкус жизни

роно 00890-гадовы юбілей сёння сустракае Гелена Падрэз з вёскі Шылькі, што ў Валкалацкім сельсавеце (на здымку). Праўда, ужо шэсць гадоў жанчына – дакшычанка, жыве з дачкой Соф’яй і ўнукам у гарадской кватэры. Звыклыя вясковыя клопаты і турботы, маленькія радасці, традыцыі, стасункі з суседзямі і аднавяскоўцамі – усё гэта ўжо ў мінулым, але працягвае жыць. У сэрцы і ў памяці жанчыны. Дарэчы, Гелена Мамертаўна мае выдатную памяць – на даты, імёны і геаграфічныя назвы. Па меры магчымасцей стараецца “не выпадаць з абоймы”: кожны дзень наведвае касцёл, дапамагае дачцэ ў хатніх справах, дзеліцца навінамі з докшыцкімі жанчынамі, з якімі пасябравала за апошнія гады, і з мілымі сэрцу шылькаўскімі – па тэлефоне. Пра такіх людзей кажуць: не страцілі смак жыцця.

А жыццё ў Гелены Мамертаўны было ох якім нялёгкім! Зусім яшчэ дзяўчынкай, два гады – з 1943-га па 1945-ы – правяла ў Нямеччыне. Знясільваючая праца на ткацкай фабрыцы – 12-13 гадзін у суткі, цёмны сыры барак, дубінкі канваіраў, талерка мутнага варыва і шклянка гарбаты ў дзень – вось самыя яркія ўспаміны з тых часоў. Мабыць, там, на чужой ненавіснай зямлі, у голадзе і холадзе, загартавалася яе воля, выпрацавалася вынослівасць. Падрабязна пра жыццё ў Германіі малалетняй вязніцы наша газета пісала ў артыкуле “Я выжыву і вярнуся…” (№32 ад 22 красавіка 2015 г.).

Лёс і надалей не песціў Гелену. Выйшла замуж. Адзін за адным пачалі нараджацца дзеткі, у хуткім часе маладая сям’я набыла хату ў вёсцы Шылькі. Здавалася б, жыві і радуйся. Але ж муж Браніслаў быў цяжка паранены на вайне, меў інваліднасць, і львіная доля работы па гаспадарцы легла на Геленіны кволыя плечы. А яшчэ пасляваенная нішчымніца… Жанчына ўспамінае, як пякла хлеб: частку цеста адкладала на боханы для дзяцей, а ў другую дабаўляла мякіну – гэта сабе і мужу. У калгасе напачатку працавала ў свінарніку, у гусятніку. Дачка Соф’я прыгадвае, як дапамагала матулі пасвіць гусей, варыць ежу свінням.

– Амаль трыццаць гадоў потым адпрацавала даяркай, – распавядае Гелена Мамертаўна. – Даенне, канечне, трохразовае, да фермы ў Валкалатах – тры кіламетры, а падвозу не было. Восем-дванаццаць кароў трэба было падаіць уручную, накарміць, напаіць, вымыць посуд. За дзень адмахаю пешкі васямнаццаць кіламетраў, акрамя асноўнай работы на ферме, ды яшчэ дома адна справа другую падпіхае… Вечарам прысяду – няма сілы да стала падысці павячэраць. Дык дзеці ўжо прынясуць. Калі з’явіліся даільныя апараты і арганізавалі падвоз на ферму, нашмат лягчэй стала. А там і сыны з дачушкамі падраслі, сталі памочнікамі. У кожнага былі свае абавязкі. Гультайнічаць не мелі часу. Трымалі вялікую гаспадарку. Дзеці яшчэ зараблялі нейкую капейчыну ў калгасе: рвалі лён, капалі бульбу. Па ягады, па грыбы хадзілі. Выжывалі, як усе ў той час. Я сама і ткала, і шыла.

Дзяцей Гелена Мамертаўна нарадзіла і вырасціла шасцёра. Аднаго сына – несуцішны мацярынскі боль – заўчасна пахавала. На сённяшні дзень у бабулі чатырнаццаць унукаў і шэсць праўнукаў. Каб сабраць усю сям’ю разам на юбілей, дык трэба арандаваць нейкае памяшканне: у кватэры ўсіх не размесціш.

Аглядаючыся на пройдзеную жыццёвую дарогу, юбілярша ні аб чым не шкадуе. Кажа: жыла сумленна, працавала старанна, радавалася кожнаму пражытаму дню. Няхай жа іх, гэтых радасных дзён, будзе ў яе жыцці яшчэ шмат Каб у свой стогадовы юбілей яна змагла прымаць віншаванні ўжо ад прапраўнукаў.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *