Выпускники Бегомльской школы-интерната получили путевку в жизнь

Ужо два гады малочнатаварная ферма “Бабцы” СГФ «Бягомльскі» з’яўляецца своеасаблівай “пуцёўкай у жыццё” для выпускнікоў Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрната.  Менавіта тут пасля заканчэння гэтай установы адукацыі некаторыя з іх знайшлі сваё месца працы і, у нейкай ступені, дом.

– Дзеці добрыя: любяць ласку, чакаюць адабрэння – стараюцца працаваць дзеля гэтага, – распавядае загадчык фермы Франц Шпэт. – Але, вядома, яны не зусім прыстасаваныя да жыцця – божыя дзеці, таму патрабуюць асаблівага падыходу: напрыклад, не пераносяць грубасці, рэзкага слова. Стараюся адносіцца да іх, як да сваіх.

Два гады таму знаёмая Франца Казіміравіча, якая працавала з дзецьмі, прапанавала яму ўзяць выпускнікоў інтэрната на работу да сябе на ферму, навучыць працы ў сельскай гаспадарцы. Ён пагадзіўся. Зараз радуецца сваім чатыром маладым працаўнікам і збіраецца летам узяць яшчэ двух, апошнія ўжо прыходзяць у “Бабцы”, знаёмяцца з азамі работы.

– Выпускнікам інтэрната цяжка працаваць на іншых прадпрыемствах, бо няпроста бывае  навучыць іх прафесіі, а пасля трэба кантраляваць выкананне работы, бо здараліся і няшчасныя выпадкі, – працягвае Франц Казіміравіч. – Я лічу, што сельская гаспадарка – лепшая галіна, з дапамогай якой яны могуць уладкавацца ў жыцці.

Сакрэт ладу і высокіх паказчыкаў на ферме “Бабцы”, мабыць, самы просты: у кіраўніку калектыву, у якога хапае любові і да прафесіі, і да дзяцей, якіх з любоўю вучыць працы, як сваіх, так і “прыёмных”.

Таццяна МАЦЮШОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *