Наталья Улицкая из Докшиц — экономист по призванию

IMG_5906Сапраўднае маральнае задавальненне прыносіць Наталлі Уліцкай (на здымку) абраная прафесія. Прыемна пагутарыць з чалавекам, які настолькі зацікаўлены сваёй прафесійнай дзейнасцю і можа гадзінамі натхнёна расказваць пра яе. А ўсё дзякуючы таму, што спецыяліст мае багаты багаж ведаў, набытых спачатку ў Маладзечанскім гандлёва-эканамічным каледжы, затым у Полацкім дзяржаўным універсітэце. Пасаду начальніка планава-вытворчага сектара ДРБУ-180 Наталля займае не так даўно. Разлік кошту выкананых работ і выпускаемай прадукцыі, а таксама работа з заказчыкамі і бясконцыя камандзіроўкі адразу сталі на першы план. Разабрацца ў шматлікіх разліках напачатку ахвотна дапамагалі калегі з вялікім стажам – Таццяна Каляга і Валянціна Курнушка. Зараз жа Уліцкая з лёгкасцю пракансультуе любога маладога спецыяліста, падзеліцца вопытам з практыкантамі, якіх кіраўніцтва накіроўвае да адказнага супрацоўніка.

– Акрамя асноўнай работы, цікаўлюся наогул эканомікай Беларусі, самастойна вывучаю ўсе эканамічныя дысцыпліны, – гаворыць субяседніца. – Увогуле, лічу, што гэта маё прызванне. У мінулым годзе закончыла завочную школу бізнесу пры ААТ ААБ “Кансалт” у Мінску, дзе адкрыла для сябе шмат новага ў сферы бізнес-тэхналогій і кіравання.

Сёлетні першы дзень вясны адзначаны прыемным момантам: Наталля атрымала дыплом магістратуры пры Акадэміі кіравання Прэзідэнта РБ. Адносна новая спецыяльнасць “Упраўленне інвестыцыйнымі праектамі ў дзяржаўна-прыватным партнёрстве” ў цяперашні час, на думку эканаміста, вельмі запатрабаваная ў рыначных адносінах.

Удзел у разнастайных конкурсах – найлепшы варыянт праверыць свой прафесіяналізм. У мінулым годзе Наталля стала лаўрэатам адкрытага конкурсу інавацыйных бізнес-арганізацый вобласці ў намінацыі “Лепшы прадукт” “Будаўніцтва новай аўтадарогі Віцебскай вобласці на аснове механізму ДПП”.

– На конкурс быў прадстаўлены бізнес-план, – тлумачыць яна. – У ім было разлічана, якім чынам дзяржава можа атрымаць аб’ект інфраструктуры без прыцягнення бюджэтных сродкаў. Яшчэ была спроба паўдзельнічаць у 6-м рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў. Паколькі журы было больш зацікаўлена ў навуковых распрацоўках, мне ўдалося прайсці толькі першы этап. Але ўсё роўна цікава было праверыць свае здольнасці.

– На жаль, сям’і ўдзяляю не так шмат часу, колькі б хацелася. Але муж і сын не крыўдуюць, наадварот, разумеюць і ганарацца мною, – гаворыць Наталля.

Таццяна МАЙСКАЯ.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *