Умница, красавица, спортсменка работает в РУП ЖКХ «Докшицы-коммунальник»

IMG_4283Начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Ірына Юхнавец (на здымку) па выніках работы за мінулы год была прызнана лепшым работнікам у сферы камунальнай гаспадаркі. Жанчына вельмі ўдзячна за тое, што яе дзейнасці далі высокую адзнаку, але, разам з тым, лічыць працу многіх работнікаў у камунгасе дастойнай такой узнагароды.

Ураджэнцы Брагіна яшчэ ў школе лёгка даваліся дакладныя навукі. Таму пасля яе заканчэння медалістка Ірына без экзаменаў была залічана ў Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту, што ў Гомелі. У гэтай жа ўстанове яна пазнаёмілася з будучым мужам. Пасля вучобы тры гады працавала разам з ім за палярным кругам, на Ямале. Была перспектыва застацца там, але неадназначная сітуацыя, якая панавала ў 90-я гады, скарэктавала планы маладых. Будаваць сямейнае гняздо вырашылі на радзіме мужа – у Докшыцах. З чыгункай, на жаль, звязаць прафесійную дзейнасць не атрымалася, але знайшлася для маладога спецыяліста не менш цікавая работа ў архітэктурна-планіровачным бюро, дзе інжынерам-канструктарам адпрацавала 11 гадоў. Апошнія сем – у вытворча-тэхнічным аддзеле РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”.

– Наш аддзел можна назваць шматфункцыянальнай службай. Тут займаюцца падрыхтоўкай дадзеных, узгадненнем на ўсіх стадыях праектна-каштарыснай дакументацыі, пасля зацвярджэння якой неабходна не толькі запусціць праект, але і прасачыць за тым, як ён выконваецца, – гаворыць Ірына Мікалаеўна. – Накірункі дзейнасці самыя розныя: капітальны і бягучы рамонт жылфонду, рэканструкцыя, мадэрнізацыя і замена цепласетак. Але гэта толькі частка вялікай і шматграннай працы. На кантролі ў аддзела пытанні, звязаныя з цеплаэнергетыкай, эканоміяй паліўна-энергетычных рэсурсаў. Акрамя таго, займаемся выкананнем сацыяльных стандартаў, праводзім электронныя таргі і аўкцыёны.
Увесь пералічаны аб’ём работ ускладзены на плечы сямі “ўніверсальных” спецыялістаў вытворча-тэхнічнага аддзела, ад якіх у нейкай ступені залежыць, наколькі прыгожым і ўтульным будзе выглядаць наш край. Дружны калектыў не раз прымаў удзел у раённых мерапрыемствах і спартыўных спаборніцтвах абласнога маштабу. Лёгкая атлетыка, настольны тэніс – у гэтых відах спорту работнікі аддзела станавіліся прызёрамі. Не ў апошніх радах спартсменаў крочыць Ірына Юхнавец. Яшчэ са студэнцкіх гадоў яна прафесійна займалася валейболам, мае кваліфікацыйны атэстат кандыдата ў майстры спорту.

Не расслабляецца Ірына і пасля працоўнага дня: любіць наведваць басейн, займаецца фітнесам. Скарбонку захапленняў дапаўняюць вязанне і цікавасць да лірычных твораў, афарызмаў вялікага паэта і філосафа Амара Хайяма. Дзеці ўжо дарослыя, працуюць і вучацца ў Гомелі, часта прыязджаюць да матулі ў госці.

Камунікабельная, ураўнаважаная, шчырая, адкрытая, спагадлівая – далёка не ўсе словы, якімі можна было б ахарактарызаваць гэту жанчыну.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *