Дина Муравская из Докшицкого района рассказала о нестёртых воспоминаниях

DSC00767Гартаючы фотаальбом, на старонках якога спачатку з’яўляюцца маладыя і шчаслівыя твары яе і мужа, затым дзвюх дачушак, якія маюць ужо свае сем’і, Дзіна Яфімаўна Мураўская (на здымку) быццам пераглядае нанова сваё жыццё. Сярод фотаздымкаў не засталося толькі тых, з якіх сумнымі вачыма паглядала чатырнаццацігадовая дзяўчынка. У гады вайны яна трапіла на Нямеччыну не па сваёй волі. Папяровы напамінак пра гэта быў спалены ў печы, толькі былое не сціраецца з памяці. 

– Я паспела закончыць 4 класы, як пачалася вайна, – згадвае Дзіна Яфімаўна. – Вёска Барбарова Глускага раёна Магілёўскай вобласці, дзе мы жылі, адразу трапіла пад акупацыю немцаў. Бацька пайшоў у партызаны, а мы з матуляй засталіся ўдзвюх. Зімой 1943-1944-х гадоў хаваліся ад ворага ў лесе. Як выжывалі? Палілі вогнішча, каб сагрэцца, спалі ў зямлянках. А елі спечаныя на самаробнай буржуйцы праснакі без солі. Хованкам нашым прыйшоў канец, калі нас вылічылі немцы. Вяскоўцаў сагналі ў хлеў. Думкі ва ўсіх былі аднолькавыя: гэта наша апошняя ноч, многія нават развітваліся з жыццём, бо на свае вочы бачылі, як спальвалі людзей. Але ранкам нас пагналі на чыгунку, а адтуль – у Бабруйскую турму. Праз тыдзень зноў у дарогу – у варожую Германію, горад Мюльхайм. Тут, на ваенным заводзе, прыходзілася працаваць па 12 гадзін у суткі: на станку выточваць разнастайныя дэталі. Кармілі толькі два разы ў дзень: давалі вадкае варыва з зеляніны, падобнай да шпінату, і 200 грамаў так званага эрзац-хлеба. Так працягвалася паўгода, пакуль не з’явілася магчымасць перабрацца да баўэра, які даваў работу такім, як мы. Маці пачала даіць кароў, а я карміла свіней, працавала ў полі. І увесь час жылі з думкамі пра тое, што настане час вызвалення і мы вернемся з канцлагераў на радзіму. Такі час прыйшоў. Самалётам, машынамі, а затым і пешшу дабіраліся дадому. І вось мы апынуліся ў роднай старонцы. Спачатку я разам з бацькамі жыла ў дзядулевай хаце, бо ад нашай засталося толькі адно папялішча, а затым тата пабудаваў невялічкі дом.

Пасля заканчэння школы санітарных фельчараў у Бабруйску Дзіну Яфімаўну накіравалі на працу ў санстанцыю, цяперашні Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Агульны прафесійны стаж жанчыны – 42 гады. У гэтай жа ўстанове пазнаёмілася з будучым мужам Эдуардам Іванавічам, які працаваў загадчыкам аднаго з аддзелаў. Разам пражылі 43 гады, нарадзілі і выхавалі дзвюх дачок. Апошнія ж 19 гадоў Дзіна Яфімаўна ў доме адна: дзеці ўладкаваліся ў Віцебску. Прыйшлося развітацца і з мужам – здароўе не дазволіла пражыць яму і 70-ці. Цяпер жа жанчыне не абысціся без дапамогі, хворыя ногі не дазваляюць хадзіць нават на невялікія адлегласці. Таму і наведваецца некалькі разоў у тыдзень сацыяльны работнік, які прыносіць прадукты, лекі, прыбірае ў доме.

Шануюць сваю матулю і дочкі. Стараюцца падтрымліваць у парадку бацькоўскую сядзібу, а ў мінулым годзе, калі ў маі адзначалася 70-годдзе Вялікай Перамогі, арганізавалі паездку на Магілёўшчыну – на радзіму Дзіны Яфімаўны – да магілы, дзе пахаваны іх дзед.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *