Дети яслей-сада №1 г. Докшицы увлеклись ткачеством

IMG_7551Ткацтва – старажытны від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які атрымаў шырокае распаўсюджанне на тэрыторыі нашай краіны. З’явілася яно ў познім неаліце як эвалюцыя пляцення. Традыцыйнай сыравінай для ткацтва на беларускіх землях служылі лён, шэрсць, радзей пянька, і нават чалавечы волас. Усё апрацоўвалася ўручную, і займаліся гэтым звычайна жанчыны. Мужчыны, калі толькі, станкі выраблялі. Ткацкія навыкі перадаваліся выключна ад маці да дачкі. Сямігадовыя вясковыя дзяўчынкі ўжо ўмелі выконваць розныя няхітрыя заданні. Уменне ткаць лічылася адным з лепшых паказальнікаў годнасці будучай нявесты.

І сёння ткацтва знаходзіць сваіх прыхільнікаў. Напрыклад, для дзяцей старэйшай групы ясляў-садка № 1 г. Докшыцы, якія з задавальненнем наведваюць гурток па ручным ткацтве. Асноўная мэта новаўвядзення – далучэнне выхаванцаў старэйшага дашкольнага ўзросту да аднаго з відаў традыцыйнага нацыянальнага мастацтва. Гэты від рамяства яшчэ і дробную маторыку рук развівае. Адукацыйныя паслугі на платнай аснове “Габеленапляценне” дзейнічаюць у садку толькі першы год. Іх кіраўнік выхавальнік і настаўнік-дэфектолаг установы Наталля Каросцік самастойна вывучала асноўныя прыёмы вырабу тканін праз Інтэрнэт і спецыялізаваныя часопісы, якіх зараз друкуецца шмат. Цяпер Наталля Паўлаўна валодае некалькімі тэхнікамі і сваё ўменне з задавальненнем перадае малодшаму пакаленню. Сталяр ясляў-садка Аляксандр Навіцкі вырабіў для дзятвы станкі. Кожны чацвер восем дзяўчынак на працягу 20 хвілін вывучаюць майстэрства прабабуль. Спачатку – размінка для пальчыкаў. А потым, пад прыемную ціхую музыку, пачынаецца чараўніцтва. Карпатлівая работа патрабуе ўседлівасці, цярплівасці і акуратнасці. Выкарыстоўваючы ніткі для вязання, выхаванцы ўжо могуць пахвастацца сваім уменнем: бацькі на розныя святы атрымалі незвычайныя паштоўкі, упрыгожаныя тканымі элементамі.

– Дзеці выраблялі ў вузельчыкавай тэхніцы снегавікоў, – расказвае Наталля Паўлаўна. – Гэта была самая працаёмкая работа. Але ўсе стараліся і вельмі радаваліся канчатковаму выніку. Задаволены былі і бацькі. Зараз мы працуем над стварэннем кацяня – у кожнага з’явіцца хатні гадаванец. Няхай і з нітак.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *